Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад супраць мілітарызацыі космасу

З самага пачатку касмічнай эры Святы Пасад лічыў, “што велізарны прагрэс у касмічных тэхналогіях павінен быць пастаўлены на службу міру і агульнаму дабрабыту чалавецтва,” – нагадаў арцыбіскуп Габрыэле Кача.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Выступаючы 28 кастрычніка 2022 года на 77-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Нью-Ёрку, пастаянны назіральнік Святога Пасада адзначыў, што дзякуючы даследаванням і выкарыстанню космасу, чалавечае жыццё набывае новае вымярэнне, гарызонты нашага агульнага дома пашыраюцца. Гэта можа спрыяць паляпшэнню мірных адносін паміж дзяржавамі, асабліва дзякуючы шчыраму супрацоўніцтву і карыстанню агульнай касмічнай прасторай.

Выклікае трывогу той факт, што бліжэйшая да Зямлі вобласць адкрытага космасу ўсё больш перапаўняецца спадарожнікамі і абломкамі. Цесната спараджае канкурэнцыю за абмежаваную колькасць прэферэнцыйных арбіт і пагражае ўстойлівасці існуючых відаў выкарыстання космасу ў мірных мэтах. Іерарх лічыць вартым заключэнне пагаднення па “сістэмах кіравання” і “інстытуцыйных пагадненнях”, якія спрыялі б агульнаму дабру і абаранялі космас ад злоўжыванняў. У сувязі з гэтым, прадстаўнік Святога Пасада выказаў некалькі меркаванняў.

Па-першае, будучая ўстойлівасць касмічнай дзейнасці патрабуе ад усіх дзяржаў супрацоўніцтва, каб абмежаваць накапленне новых касмічных абломкаў і выдаліць існуючыя абломкі. Ватыканскі дыпламат прывітаў такую тэндэнцыю, як рост выкарыстання шматразовых сістэм запуску касмічных апаратаў. Па магчымасці, будучае выкарыстанне касмічных апаратаў і спадарожнікаў павінна ўключаць у сябе "цыклічную мадэль вытворчасці". Яна абмяжоўвае выкарыстанне кампанентаў, якія не падлягаюць паўторнаму выкарыстанню. У канцы жыццёвага цыкла састарэлыя касмічныя апараты павінны сысці з арбіты, каб абмежаваць рызыку сутыкненняў і вызваліць месца для будучага выкарыстання. Калі гэтага не зрабіць, экспанентнае павелічэнне колькасці спадарожнікаў, якія штогод выводзяцца на арбіту, у канчатковым выніку стане непрымальным.

Па-другое, важна збалансаваць камерцыйныя інтарэсы з інтарэсамі навуковых даследаванняў. Павелічэнне колькасці спадарожнікаў ідзе на карысць многім, але ў той жа час перашкаджае астранамічным назіранням за далёкімі зоркамі і планетамі.

На думку Святога Пасада, яшчэ адной праблемай з'яўляецца намер здабываць рэдкія элементы на астэроідах і Месяцы. Перш чым праводзіць аперацыі такога роду, варта стварыць міжнародную сістэму рэгулявання, каб прадухіліць такога роду ажыятаж. У прыватнасці, неабходна гарантаваць, каб падыход да нябесных цел ажыццяўляўся не з пункту гледжання бязлітаснай эксплуатацыі, а з поўным прызнаннем іх каштоўнасці, якая выходзіць за рамкі іх карыснасці. У сувязі з гэтым, было б разумна захаваць раёны, якія маюць асаблівае астрагеалагічнае значэнне, абараняючы іх ад умяшання чалавека.

Па-трэцяе, звярнуў увагу іерарх, космас уяўляе сабой агульнае дабро. Таму выгады ад яго мірнага выкарыстання павінны ісці ўсім дзяржавам, незалежна ад узроўню развіцця. З гэтай мэтай варта распачаць сумесныя намаганні для вывучэння таго, як касмічная прастора можа спрыяць дасягненню Мэт устойлівага развіцця, у тым ліку дзякуючы маніторынгу навакольнага асяроддзя, папярэджання аб стыхійных бедствах, кантролю над узбраеннямі...

Касмічныя дзяржавы павінны садзейнічаць намаганням па нарошчванні патэнцыялу ў дзяржавах, якія не з'яўляюцца касмічнымі, каб дазволіць ім атрымаць доступ да касмічных дадзеных. Акрамя таго, было б разумна перагледзець сістэму размеркавання арбіт: з цяперашняй сістэмы "хто першы, таго і арбіта" перайсці да больш справядлівага размеркавання, якое дасць магчымасць дапамагчы ў стварэнні касмічнай інфраструктуры менш развітым у плане асваення космасу дзяржавам.

Камітэт па выкарыстанні адкрытага космасу ў мірных мэтах служыць форумам для дасягнення пагаднення аб тым, як кіраваць касмічнай дзейнасцю. Па меры таго як наша залежнасць ад космасу ўзрастае, важна, каб такія органы кіравання спрыялі яго мірнаму выкарыстанню на карысць чалавецтва, справядлівасці і міру, – адзначыў дыпламат Святога Пасада.

29 кастрычніка 2022, 10:33