Пошук

cq5dam.web.1280.1280.jpg

Сумесны заклік Святога Пасада і МАК: ідзіце шляхам міра

Адным з пладоў міжнароднага саміту Спорт для ўсіх, які адбыўся ў Ватыкане 29-30 верасня 2022 года, з'яўляецца заклік да міру, падтрыманы прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэта Томасам Бахам.

Марыя Валодзіна – Vatican News

Наш свет зноў сутыкаецца з канфліктамі, узрушэннямі і сур'ёзнымі выклікамі. Бедствы вайны, змены клімату і эканамічныя цяжкасці прынеслі невымоўны боль і пакуты мільёнам людзей ва ўсім свеце. У выніку фрагментарнай сусветнай вайны больш за 100 мільёнаў чалавек былі вымушаныя пакінуць свае дамы, сем'і былі разлучаны, і незлічонае мноства маці, бацькоў, сыноў і дачок жывуць у страху, не маючы магчымасці вызнаваць сваю веру, ажыццяўляць свае мары аб лепшым жыцці або нават проста займацца спортам, – гаворыцца ў закліку, які падпісалі кардыналы Жазэ Таленціна Мендонса, Кевін Фарэл, Майкл Чэрны, а таксама старшыня Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах.

Гэта чалавечая трагедыя адбылася ў той час, калі свет усё яшчэ не пераадолеў глабальную пандэмію, якая нагадала нам, наколькі ўразлівымі могуць быць усе людзі. Мы перакананыя, што толькі з такім духам салідарнасці ў нашых сэрцах мы зможам эфектыўна супрацьстаяць шматлікім выклікам, якія пагражаюць чалавецтву і нашай планеце сёння, – гаворыцца ў пасланні.

“У гэтым духу салідарнасці мы заклікаем сусветных лідараў шукаць справядлівыя і мірныя рашэнні ўсіх разнагалоссяў і канфліктаў. Мы заклікаем іх садзейнічаць дыялогу, узаемаразуменню і братэрству паміж народамі і падтрымліваць годнасць кожнага мужчыны, жанчыны і дзіцяці, асабліва бедных, уразлівых, маргіналізаваных і тых, хто пакутуе ад гвалту вайны і ўзброеных канфліктаў,” – гаворыцца ў закліку.

“Бог жадае міру і адзінства нашай чалавечай сям'і. Алімпійскія і Паралімпійскія гульні з'яўляюцца вялікім сімвалам такога адзінства, паколькі яны аб'ядноўваюць людзей і народы ў здаровай барацьбе і заахвочваюць наш свет бачыць у спартыўных спаборніцтвах сапраўдны шлях да міру, заснаваны на асабістай дысцыпліне і прыхільнасці каманднаму супрацоўніцтву ў імкненні да дасканаласці. Аб'яднаныя гэтым перакананнем, мы заклікаем сусветных лідараў рухацца па гэтым шляху на карысць кожнай нацыі і народа”, - гаворыцца ў закліку.

25 кастрычніка 2022, 13:05