Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У Ватыкане размаўлялі пра этыку ў біяінжынерыі

Папская акадэмія жыцця і ватыканскі педыятрычны шпіталь Bambino Gesù у супрацоўніцтве з навукоўцамі з усяго свету правялі канферэнцыю, прысвечаную хуткаму прагрэсу біялагічнай інжынерыі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Удзельнікі падкрэслілі, што, напрыклад, генная тэрапія, якая ўжываецца падчас лячэння многіх захворванняў, патрабуе адкрытых дэбатаў і дакладных этычных прынцыпаў.

“Той факт, што навука перажывае хуткі прагрэс, не азначае, што мы павінны плакаць над гэтым, наадварот, трэба ўскочыць у імклівы цягнік навуковага развіцця з адпаведнымі этычнымі прынцыпамі і, калі неабходна, перанакіраваць яго на іншую каляіну”, - лічыць Ральф Стуцкі, адказны за этыку даследаванняў у Базельскім універсітэце. Ён адзначыў, што неабходна весці паслядоўную дыскусію, узважваць магчымыя добрыя і дрэнныя вынікі малекулярных даследаванняў і прымаць смелыя рашэнні.

Ватыканскі кангрэс прайшоў на тэму Этыка інжынерыі жыцця. У ім прынялі ўдзел не толькі навукоўцы, якія “рэдагуюць і кантралююць” біялагічныя сістэмы, але і этыкі, філосафы, тэолагі, прадстаўнікі СМІ.

Арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай акадэміі жыцця, адзначыў, што задача форуму – разважанне над сучасным навукова-тэхнічным развіццём, асабліва ў сферы жыцця і здароўя. Вельмі важна садзейнічаць узаемнаму пазнанню і разуменню паміж навукай і этыкай. Ён нагадаў, што чалавечыя клеткі і тканкі, якія ўжываюцца ў геннай тэрапіі для лячэння многіх захворванняў, могуць быць атрыманы без выкарыстання чалавечых эмбрыёнаў.

Каталіцкі Касцёл выступае супраць даследаванняў з выкарыстаннем эмбрыянальных ствалавых клетак, якія патрабуюць знішчэння чалавечага эмбрыёна, але падтрымлівае даследаванні з удзелам дарослых ствалавых клетак.

На кангрэсе было адзначана, што каштоўнасці і этыка не з'яўляюцца абмежавальным фактарам або перашкодай для інавацый і змен, яны ўяўляюць сабой компас, які паказвае шлях адказнага і этычнага выкарыстання самых сучасных навуковых дасягненняў.
 

28 верасня 2022, 10:06