Пошук

Кардынал Конрад Краеўскі Кардынал Конрад Краеўскі 

Кардынал Краеўскі адправіцца з чарговай місіяй ва Украіну

Кардынал Конрад Краеўскі адправіцца з чарговай гуманітарнай місіяй ва Украіну. На гэты раз ён наведае ўсходнія рэгіёны, у прыватнасці Адэсу, Жытомір і Харкаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Апостальскі элемазінарый ад імя Папы прыбудзе ў краіну ўжо ў чацвёрты раз з пачатку расійскага ўварвання. Ён мае намер выказаць блізкасць супольнасцям вернікаў, духавенству і кансэкраваным асобам, а таксама біскупам, якія больш за 200 дзён застаюцца на месцах пастырскага служэння, нягледзячы на ўсе небяспекі, звязаныя з вайной.

Паездка будзе “бясшумнай і евангельскай”, яе мэта – “пабыць з людзьмі, якія пакутуюць, памаліцца і суцешыць кожнага з іх, паказваючы сваёй прысутнасцю, што яны не самотныя ў гэтай сітуацыі, якая нясе толькі разбурэнні і смерць”, - гаворыцца ў паведамленні Дыкастэрыі па міласэрным служэнне, прэфектам якой з’яўляецца кардынал Краеўскі. У ходзе візіту іерарха жыхарам будзе дастаўлена гуманітарная дапамога, якую размяркуюць праз мясцовыя дыяцэзіяльныя аддзяленні Caritas.

Свой першы візіт ва Украіну пасля пачатку вайны кардынал Конрад Краеўскі здзейсніў па даручэнні Святога Айца з 8 па 13 красавіка. Напрыканцы гэтага ж месяца ён асабіста даставіў у Львоў машыну хуткай дапамогі для мясцовага дзіцячага шпіталя. Трэці візіт адбыўся ў кантэксце Вялікага тыдня і Вялікадня, які папскі элемазінарыі святкаваў з каталіцкай супольнасцю Кіева, куды таксама даставіў машыну хуткай дапамогі. На гэты раз кардынал Краеўскі паедзе за стырном мікрааўтобуса, які пакіне тым, хто развозіць гуманітарную дапамогу.
 

10 верасня 2022, 10:05