Пошук

Банер ватыканскай ініцыятывы, прысвечанай жыццю святога Пятра Банер ватыканскай ініцыятывы, прысвечанай жыццю святога Пятра 

Відэамэпінг на фасадзе базылікі святога Пятра

“Якім з’яўляецца аблічча Касцёла: Папа, скандалы ці сацыяльныя абавязацельствы, якія ён выконвае?” - спытаўся кардынал Маўра Гамбэці, прадстаўляючы 20 верасня 2022 года ватыканскі культурна-інавацыйны праект.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Штодня з 2 па 16 кастрычніка 2022 года з 21.00 на працягу дзвюх гадзін на фасадзе ватыканскай базылікі будзе дэманстравацца відэамэпінг, прысвечаны жыццю святога Пятра.

Архіпрэзбітэр базылікі нагадаў, што набліжаецца Юбілейны 2025 год, калі ў Рыме чакаецца больш за 30 мільёнаў пілігрымаў з усяго свету. “Мы ведаем, што яны захочуць прайсці праз Святую Браму. Для іх важна бачыць матчыны твар Касцёла, які прымае ўсіх і ўмее кожнаму сказаць аўтарытэтнае слова. Мы хочам ачысціць ад пылу люстэрка і паказаць вобраз першага Касцёла, пабудаванага на Пятры, на яго вызнанні веры ў Езуса Хрыста, Сына Бога жывога”, - патлумачыў кардынал Гамбэці.

Ён адзначыў, што 3D-праекцыя адлюструе “постаць Сымона Пятра, яго чалавечы лёс і пакліканне, яго духоўнасць і служэнне, каб кожны мог задумацца, прачытаць свой вобраз: быць жывым каменем, які спрыяе будаванню Касцёла, стаць яго голасам”.

Відэамэпінг пра святога Пятра стане першай з серыі душпастырскіх ініцыятыў у базыліцы пад дэвізам: Мастацтва і вера. У рэалізацыі праекту задзейнічаны: капітул базылікі, мясцовая парафія святога Пятра, Фабрыка святога Пятра і Фонд Fratelli tutti.

25 кастрычніка 2022 года пройдзе першая з шэрагу сустрэч, якія будуць пачынацца Lectio Petri – лекцыяй кардынала Джанфранка Равазі пра святога Пятра. Акрамя таго, са снежня да чэрвеньскай урачыстасці святых Пятра і Паўла можна будзе прыняць удзел у духоўных вандроўках, у тым ліку па месцах, звязаных са святым Пятром. Таксама арганізатары ініцыятывы прапануюць вернікам Via Petri – Шлях святога Пятра, 12 стацый якога дапамогуць у разважанні над лёсам Апостала і малітве разам з ім.
 

21 верасня 2022, 10:51