Пошук

Брат Гай Кансальманьё з Францішкам Брат Гай Кансальманьё з Францішкам 

Ватыканскі астраном: хрысціянін не можа баяцца адкрыццяў навукі

Той, хто сцвярджае, што вучоны не можа верыць у Бога, або хлусіць, або з’яўляецца поўным невукам, - адзначыў дырэктар Ватыканскай астранамічнай абсерваторыі брат Гай Кансальманьё.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв'ю іспанскаму часопісу Alpha y Omega ён згадаў нядаўнюю вялікую навуковую падзею, якой сталі фотаздымкі самых далёкіх куткоў Сусвету, зробленыя тэлескопам Джэймс Уэб (James Webb) Амерыканскага агенцтва касмічных даследаванняў (NASA). Размова ішла і пра сувязь паміж рэлігійнай верай і навукай і ведамі.

На тэму вышэйзгаданых здымкаў далёкіх раёнаў космасу амерыканец адзначыў, што як навуковец ён усведамляе, што спатрэбяцца месяцы працы, “каб цалкам зразумець, што мы можам даведацца з гэтых фота”. Аднак ён прызнаўся, што калі ўбачыў іх упершыню, адчуў “вялікую радасць”, быў уражаны іх прыгажосцю, вастрынёй і выразнасцю.

У гэтым кантэксце езуіт нагадаў, што ў 1990 годзе на арбіце ў рамках місіі STS-31 знаходзіўся тэлескоп Хабл – сумеснага праекта НАСА і Еўрапейскага касмічнага агенцтва, але выявы, якія ён тады перадаваў на Зямлю былі значна ніжэйшай якасці.

На каментар журналіста аб тым, што дасланыя фатаграфіі асамблеі сузор'я SMACS 0723 адлюстроўваюць сітуацыю, якая існавала 4,6 мільярда гадоў таму, суразмоўца патлумачыў, што дзякуючы гэтаму ўся астранамічная супольнасць даведаецца шмат дробязяў аб той ці іншай галактыцы, а затым праз некалькі гадоў "мы зможам аб'яднаць усе гэтыя адкрыцці, каб атрымаць больш шырокія веды аб Сусвеце". Ён таксама выказаў перакананне, што чалавецтва даведаецца больш дэталяў аб ужо вядомых яму рэчах.

У якасці прыкладу ён прывёў той факт, што самыя першыя дадзеныя Уэба паказалі наяўнасць вады ў атмасферы планеты, якая круціцца вакол іншай зоркі. “Гэта факт, аб існаванні якога мы падазравалі, а значыць, гэта не нечаканасць, але, безумоўна, пацвердзіць яго – прыемна”, - растлумачыў амерыканскі астраном. Ён дадаў, што “мы таксама можам бачыць там доказы азону, які прадугледжвае свабодны кісларод, што, у сваю чаргу, можа сведчыць аб існаванні жыцця на гэтай планеце”. “Гэта было б сапраўды цудоўна і хвалююча”, - прызнаўся езуіт.

Затым ён напаўжартам адзначыў, што глядзіць на свет двума вачыма, якія з'яўляюцца вачыма і навукі, і веры, і іх не можна падзяліць, паколькі яны дапаўняюць адно аднаго. Прафесар падкрэсліў, што вера з’яўляецца важнай апорай для яго розуму, а навука “гэта спроба выкарыстаць дадзены нам Богам розум, каб зразумець логіку сусвету і даведацца больш пра Бога, Які стварыў гэтую цудоўную прыгажосць усяго, што мы бачым”.

Журналіст часопіса адзначыла, што калі ўсё пойдзе добра, наступным летам тэлескоп Уэб пачне перадаваць на Зямлю здымкі падзей, якія адбыліся больш за 13 мільярдаў гадоў таму, з часу, адносна блізкага да стварэння Сусвету, што можа выклікаць непакой у некаторых хрысціян.

У адказ Кансаламаньё заўважыў, што калі ў хрысціяніна выклікае заклапочанасць тое, што навука адкрывае пра Сусвет, гэта азначае, што ён не ўпэўнены ў сваёй веры. А калі хто баіцца праўды, значыць, ён нічога не ведае ні пра веру, ні пра навуку. “Нашы веды пра Бога ніколі не бываюць поўнымі і ніколі не будуць дасканалымі. Таксама як сямейная пара можа здзівіць адно аднаго нават пасля 50 гадоў сумеснага жыцця”, - прывёў аналогію дырэктар Ватыканскай абсерваторыі.

Суразмоўца часопіса адзначыў, што адкрыцці, якія перадае Уэб, не могуць змяніць тэорыі крэацыянізму ў Касцёле, які даўно зразумеў, што навуковыя адкрыцці толькі павялічваюць нашу радасць перад Богам Стварыцелем. “Гэта ідэя прысутнічае ў тэкстах Доктараў Касцёла шматвяковай даўніны, пачынаючы з рымскіх часоў. Напрыклад, для святога Аўгустына было ясна, што вера і розум з’яўляюцца дзвюма сіламі, якія вядуць нас да пазнання”, - сказаў ён.

Ватыканскі навуковец патлумачыў, што ўспрыняцце Бібліі як навуковага тэксту з'яўляецца сучаснай ерассю, якая вынікае з неразумення і блытаніны ў дзевятнаццатым стагоддзі адносна сутнасці біблейскай навукі і Святога Пісання.

На заканчэнне астраном-езуіт з Дэтройта, якому 19 верасня 2022 года споўніцца 70 гадоў, запэўніў, што калі хтосьці сцвярджае, што вы не можаце адначасова верыць у Бога і быць навукоўцам, або хлусіць, або, прынамсі, з’яўляецца поўным невукам.
 

05 жніўня 2022, 09:09