Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пасяджэнне Калегіі кардыналаў: ніякага канфлікту і крызісу

30 жніўня 2022 года ў другой палове дня ў Ватыкане завяршылася праца надзвычайнага кансісторыя на тэму новай Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сустрэчы са Святым Айцом, якая прайшла ў братэрскай атмасферы, прынялі ўдзел 197 кардыналаў, Патрыярхі Усходніх Цэркваў і кіраўніцтва Дзяржаўнага сакратарыята.

Праца ў моўных групах і дыскусіі ў аўдыторыі далі магчымасць свабодна абмеркаваць многія аспекты Дакумента і жыцця Касцёла, а апошняя пасляабедзенная сесія была прысвечана Юбілею 2025 года. Кансісторый завяршыўся святой Імшой у ватыканскай базыліцы.

Арцыбіскуп Сіены, кардынал Аўгуста Паола Лаюдзічэ, удзельнік пасяджэння, адзначыў, што метад працы, прыняты падчас дыскусій – сустрэчы ў моўных групах, дазволіў лягчэй размаўляць і абменьвацца думкамі.

“Правядзенне рэформы займае шмат часу. Гэта не простая справа. Папа з самага пачатку адзначыў і даў зразумець, што гэта ключавы элемент яго пантыфікату. Я думаю, што рана ці позна мы прыйдзем да ўсведамлення таго, што ўсё з’яўляецца місіяй, місійнай дзейнасцю, таксама, як ні парадаксальна гэта гучыць, гэта тычыцца і ведамстваў Рымскай курыі і Ватыкана”, - падкрэсліў іерарх.

Кардынала Вальтэра Каспера, старшыню-эмерыта Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, падчас сустрэчы ўразіла спакойная атмасфера, сінадальнасць, гатоўнасць ісці наперад, не адступаць, супрацоўнічаць адно з адным, нягледзячы на адрозненні. “Усе дзякавалі Папу за яго ўчарашнія прарочыя словы”, - прызнаўся нямецкі іерарх. Ён дадаў, што ніякага канфлікту не было, хоць, натуральна, сітуацыя ў розных краінах розная: “але адзінства – гэта не аднастайнасць”.

Адказваючы на пытанне аб змесце папскай прамовы на адкрыцці сустрэчы, кардынал Каспер паведаміў, што яна была заснавана на ўрыўку з Дзеяў Апосталаў пра абранне дыяканаў. Ён патлумачыў, што “Касцёл адрэагаваў” на сітуацыю тады і “павінен зрабіць гэта сёння: трэба рэагаваць, разглядаць сітуацыю ў святле Евангелля”.

У сваю чаргу, паводле кардынала Крыстафа Шонбарна, двухдзённае абмеркаванне можна падсумаваць словамі: “Ісці наперад”. “Сінод – гэта супольны шлях, і тое, што мы зрабілі, – гэта адзін крок”, заўважыў арцыбіскуп Венскі.

Ён прызнаўся, што ў сваім выступленні перад кардыналамі казаў пра эканамічна-фінансавую рэформу Святога Пасаду, у якой ужо дасягнуты вялікія поспехі. “Мы слухаем адно аднаго ў камуніі. Нягледзячы на адрозненні ў сітуацыі розных краін, адбываецца ўзаемаўзбагачэнне”, - адзначыў іерарх.

Скліканы Францішкам надзвычайны кансісторый стаў першай такога маштабу сустрэчай Калегіі кардыналаў з 2015 года.
 

31 жніўня 2022, 11:35