Пошук

Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар назваў галоўныя мэты візіту Пантыфіка ў Канаду

Пілігрымка ў Канаду – гэта жаданае падарожжа, у цэнтры якога будзе сустрэча з карэннымі народамі і мясцовым Касцёлам, - зазначыў у інтэрв’ю Vatican News Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Кардынал П’етра Паралін нагадаў, што Святы Айцец неаднаразова дэманстраваў вялікую ўвагу да карэнных народаў розных краін: падчас падарожжаў, шматлікіх сустрэч у Ватыкане, а таксама праз сваю Апостальскую адгартацыю Querida Amazonia. У выпадку аўтахтоннага насельніцтва Канады – Францішак наведае яго з “пакаяннай пілігрымкай”, якая адбудзецца пасля сустрэч, што праходзілі некалькі месяцаў таму ў Ватыкане.

Каментуючы вялікую адлегласць паміж гарадамі, уключанымі ў праграму падарожжа, іерарх падкрэсліў, што Пантыфік мае жаданне “наведаць карэнныя народы там, дзе яны пражываюць”, каб выказаць ім сваю блізкасць. “Я сказаў бы, што блізкасць з’яўляецца тут ключавым словам”, - заўважыў ён, дадаючы, што Папа адпраўляецца ў падарожжа, каб дакрануцца да пакут гэтых народаў, маліцца разам з імі і стаць пілігрымам паміж іх”.

Кардынал Паралін, нагадаў, што 1 красавіка 2022 года Францішак “выказаў сорам і абурэнне ўчынкамі нямалай колькасці хрысціян, якія, замест таго, каб сведчыць Евангелле, прыстасаваліся да каланіялісцкага менталітэту і палітыкі культурнай асіміляцыі мінулага, якая нанесла вялікую шкоду карэнным народам”.

“У прыватнасці балючай з’яўляецца роля некаторых католікаў у так званай сістэме інтэрнатаў, якая прадугледжвала разлучэнне многіх індзейскіх дзяцей з іх сем’ямі”, - сказаў Дзяржсакратар, дадаючы, што гэты гістарычны кантэкст складае і характарызуе пакаяннае вымярэнне папскага падарожжа, падчас якога будуць уздымацца тэмы загойвання ран і прымірэння.

З іншага боку візіт пройдзе таксама пад знакам братэрства, надзеі і рэфлексіі аб той ролі, якую карэнныя народы адыгрываюць сёння. “Сапраўды, кожнаму можа быць карысна нанова адкрыць для сябе многія іх каштоўнасці і мудрасць. Я думаю, напрыклад, пра ўвагу да сям’і і супольнасці, клопат пра стварэнне, важнасць, якую яны надаюць духоўнасці, моцную сувязь паміж пакаленнямі, пашану да пажылых людзей”, - сказаў кардынал Паралін.

Іерарх заўважыў, што менавіта ў кантэксце падарожжа Папы адбудзецца святкаванне ўспаміну святых Яўхіма і Ганны, дзядулі і бабулі Езуса: у гэты дзень Пантыфік пажадаў наведаць санктуарый Лак-Стэ-Ан на беразе аднайменнага возера, дзе ўзначаліць Літургію слова.

Кардынал падкрэсліў, што гэты прыродны кантэкст стане таксама нагодай, каб заклікаць вярнуцца да крыніц веры і чэрпаць ваду вечнага жыцця, якую дае Езус. “Папа не праміне нагадаць пра актуальнасць евангелізацыі ў вельмі секулярызаваным кантэксце, робячы акцэнт на выклікі, якія секулярызацыя ставіць адносна нашых душпастырскіх прыярытэтаў, нашага спосабу прапаведвання, быцця Касцёлам і сведчання веры сёння”, - дадаў высокі ватыканскі іерарх.

Каментуючы дэвіз папскай пілігрымкі: “Ісці разам”, кардынал Паралін заўважыў, што ён нагадвае пра сінадальнасць, якая павінна стаць “касцёльным стылем”, прынятым у “духу Евангелля і першых хрысціянскіх супольнасцей, стылем, што канкрэтызуецца ва ўзаемных слуханні, дыялогу, супольным душпастырскім распазнанні і братэрстве”.

“Я думаю, што менавіта ў такім духу Святы Айцец не праміне яшчэ раз абвясціць прарочае слова Евангелля, якое запрашае ствараць братэрства, будаваць мір, пераадольваць падзелы, які часта з’яўляюцца не толькі вынікам асабістага эгаізму, але пэўнага менталітэту і скажоных поглядаў”, - падзяліўся Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.
 

23 ліпеня 2022, 13:48