Пошук

Папа Францішак падчас сустрэчы з карэннымі народамі ў Масквачысе Папа Францішак падчас сустрэчы з карэннымі народамі ў Масквачысе 

Кардынал Чэрны: Касцёл на баку ахвяр каланіялізму і прыгнёту культуры

Візіт Папы павінен стаць стымулам для канадцаў у справе клопату пра карэнныя народы, - заявіў кардынал Майкл Чэрны, які суправаджае Францішка падчас яго падарожжа.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека нарадзіўся ў Чэхаславакіі, але рос і выхоўваўся ў Канадзе, таму добра знаёмы ў сітуацыяй у гэтай краіне. У інтэрв’ю італьянскаму выданню Avvenire ён падзяліўся сваімі чаканнямі ад візіту Пантыфіка.

“Я маю надзею, што пакаянная пілігрымка Святога Айца падштурхне ўсе часткі канадскага грамадства – членаў розных рэлігійных супольнасцей і няверуючых – праявіць сапраўдную павагу да карэнных народаў, каб яны былі цалкам уключаны ў працэс будавання і развіцця краіны, прыносячы свае каштоўнасці, якія датычаць духоўнасці, жыцця ў супольнасці і навакольнага асяроддзя. Я спадзяюся таксама на тое, што яны змогуць яшчэ паўней удзельнічаць у жыцці Касцёла”, - сказаў іерарх.

Кардынал Чэрны звярнуў увагу на тое, што візіт Францішка ў Канаду з’яўляецца асаблівым, бо дзеля яго Святы Айцец вырашыў прыпыніць свой адпачынак, і, нягледзячы на боль у калене, выявіць сваю блізкасць да ахвяр школ-інтэрнатаў і іх нашчадкаў. Іерарх падкрэсліў, што ўвага да маргіналізаваных, адчужаных і непрынятых – гэта цэнтральная тэма цяперашняга пантыфікату, таму яна безумоўна будзе прысутнічаць у прамовах і жэстах Пантыфіка падчас падарожжа.

Ватыканскі прэфект з жалем зазначыў, што грахі мінулага працягваюць існаваць і яшчэ трэба шмат зрабіць, каб пераадолець іх. “Сучасныя католікі могуць не адчуваць сябе звязанымі з памылкамі мінулага, але яны пакліканы ўзяць на сябе клопат пра тых, хто пакутуе ад наступстваў каланіялізму, расізму, рэпрэсій супраць культуры”, - сказаў ён, нагадваючы, што пакора Касцёла перад абліччам ганебных фактаў мінулага прынясе плёны.
 

26 ліпеня 2022, 12:51