Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Галахер: паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны

Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі заклікаў супрацьстаяць спакусе шукаць мір шляхам кампрамісаў адносна тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер звярнуў увагу на распаўсюджванне ў Еўропе і свеце “спакусы забыцця”, а таксама няўвагі да пакут, выкліканых вайной. Высокі ватыканскі дыпламат казаў пра гэта падчас калёквіума на тэму міграцыі, які вечарам 14 чэрвеня 2022 года прайшоў у Папскім грыгарыянскім універсітэце ў Рыме.

Іерарх заўважыў, што, знаходзячыся ва Украіне, неаднаразова чуў заклікі да Святога Пасаду з боку прадстаўнікоў уладаў адносна неабходнасці захавання рэгулярных кантактаў і камунікацыі. “Мы павінны рабіць гэта, а таксама падтрымліваць салідарнасць. Гэта праўда, што Еўропа, у прыватнасці некаторыя краіны, былі вельмі велікадушнымі, напрыклад Польшча, Малдова. Аднак існуе небяспека стамлення ад аказанні падтрымкі ўкраінскаму народу”, - папярэдзіў ён.

Мы не павінны думаць, што праблемы вырашацца самі па сабе і таму, як вернікі, павінны “ўмацаваць малітву аб спыненні гэтай жудаснай вайны”, а таксама стымуляваць улады прыкладаць усё больш і больш намаганняў дзеля гэтага, - сцвердзіў арцыбіскуп Галахер.

Папскі дыпламат, лічыць таксама, што трэба супрацьстаяць спакусе згаджацца з кампрамісамі адносна тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. “Наадварот, мы павінны разглядаць яе як асноватворны прынцып”, - дадаў ён, выказваючы пажаданне на тое, што “атрымаецца вярнуцца за стол перамоў”, але такіх, якія будуць здольныя “прынесці плёны міру”.

Арцыбіскуп Галахер таксама заўважыў, што падчас свайго нядаўняга візіту ва Украіну, ён убачыў вельмі глыбокія пакуты народа і смутак з прычыны гібелі і ранення людзей. У сувязі з гэтым, на яго думку, яшчэ заўчасна казаць пра прымірэнне паміж расійскім і ўкраінскім народамі. “Гэта павінна быць канчатковай мэтай, але мы не можам чакаць ад іншых таго, чаго б самі не зрабілі ў такіх сітуацыях”, - падкрэсліў ён, нагадваючы пра перажытыя ўкраінцамі пакуты і заўважаючы, што неабходна дапамагаць ім у загойванні ран, “але гэта патрабуе часу і спрыяльных абставін”.
 

16 чэрвеня 2022, 10:00