Пошук

Лагатып Scholas Occurrentes Лагатып Scholas Occurrentes 

Ватыкан: інаўгурацыя міжнароднага руху Scholas Occurrentes

19 мая 2022 года Францішак узначаліць інаўгурацыю Міжнароднага адукацыйнага руху Scholas Occurrentes. Такі новы прававы статус Папа прызнаў за ім два месяцы таму.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Мерапрыемства з удзелам 50 маладых людзей з усяго свету пройдзе ў Папскім універсітэце Урбаніяна. У ім прымуць удзел вядомыя дзеячы свету мастацтва, спорту і новых тэхналогій. Папа прачытае інаўгурацыйную лекцыю Школы Laudato si.

Scholas Occurrentes была заснавана як сусветная сетка пад патранажам Каталіцкага Касцёла для развіцця сувязей паміж адукацынымі ўстановамі ў свеце. Яе місія – інтэграваць вучняў праз тэхналагічныя, спартыўныя і мастацкія ініцыятывы, якія спрыяюць культуры сустрэчы. Гаворка ідзе таксама пра абмен праектамі, асабліва са школамі з меншымі рэсурсамі.

Першыя ўстановы такога кшталту былі створаны пасля падпісання пагаднення знакамітымі футбалістамі: аргентынцам Ліянэлем Месі і італьянцам Джанлуіджы Буфонам у штаб-кватэры Папскай акадэміі навук 13 жніўня 2013 года.

Папярэднікамі Scholas Occurentes былі праграмы Школы па суседстве і Школы-сёстры, натхнёныя тагачасным арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, кардыналам Хорхэ Марыа Берголіа.

19 сакавіка 2014 года Святы Пасад афіцыйна абвясціў Scholas Occurrentes прыватным фондам, які са жніўня 2015 года падпарадкоўваецца Кангрэгацыі па справах духавенства. Фонд аб’ядноўвае сетку з больш чым 400 тысяч навучальных устаноў у 190 краінах свету. Мае 15 прадстаўніцтваў у розных краінах, і ў бліжэйшыя гады адкрые наступныя штаб-кватэры.

З улікам пастаяннага пашырэння дзейнасці Scholas Occurentes 19 сакавіка 2022 года Францішак прызнаў за фондам новы прававы статус – міжнародны адукацыйны рух.
 

18 мая 2022, 10:42