Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: поўны адпуст з нагоды Сусветнага дня пажылых людзей

Апостальская пэнітэнцыярыя абнародавала дэкрэт аб устанаўленні магчымасці атрымання поўнага адпуста з нагоды ІІ Сусветнага дня дзядуль, бабуль і пажылых людзей, які сёлета будзе адзначацца 24 ліпеня.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Поўны адпуст змогуць атрымаць дзядулі, бабулі, пажылыя людзей і ўсе вернікі, якія 24 ліпеня 2021 года, натхнёныя духам пакаяння і міласэрнай любоўю, возьмуць удзел ва ўрачыстай цэлебрацыі, якую папа Францішак узначаліць у базыліцы святога Пятра, ці іншых набажэнствах, што будуць праходзіць ва ўсім свеце. Адпуст можа быць ахвяраваны за душы ў чыстцы. Для яго атрымання неабходна выканаць тры звычайныя ўмовы (сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца).

Поўны адпуст у гэты дзень змогуць атрымаць таксама вернікі, якія прысвецяць належны час адведванню, фізічнаму ці віртуальнаму, з дапамогай сродкаў камунікацыі, пажылых людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе або маюць цяжкасці (хворых, самотных, з інваліднасцю і інш.)

“Поўны адпуст можа быць атрыманы пры адсутнасці прывязанасці да ўсялякага граху і пры намеры як мага хутчэй выканаць тры абавязковыя ўмовы, хворымі пажылымі людзьмі і ўсімі, хто па сур’ёзнай прычыне не можа выйсці з уласнага дому, калі яны духоўна далучацца да набажэнстваў, што будуць праходзіць з нагоды Сусветнага дня, і ахвяруюць міласэрнаму Богу свае малітвы, пакуты і цярпенні, асабліва падчас трансляцыі праз тэлебачанне, радыё і новыя сродкі грамадскай камунікацыі, словаў Найвышэйшага Пантыфіка і цэлебрацый”, - гаворыцца ў дэкрэце.

Каб аблегчыць атрыманне Божага прабачэння, Апостальская пэнітэнцыярыя настойліва просіць святароў быць даступнымі для ўдзялення сакрамэнту паяднання (споведзі).

Дэкрэт быў падпісаны 30 мая 2022 года кардыналам Маўра П’ячэнца, Вярхоўным пэнітэнцыярыем, і ксяндзом Кшыштафам Нікелем, рэгентам Апостальскай пэнітэнцыярыі.
 

30 мая 2022, 13:03