Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер і Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер і Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба 

Арцыбіскуп Галахер: перамовы – шлях да справядлівага рашэння

Жахлівыя падзеі ў Бучы дэманструюць, што мір ніколі нельга ўспрымаць як данасць, - адзначыў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

20 мая 2022 года высокі ватыканскі дыпламат правёў рабочую сустрэчу з Міністрам замежных спраў Украіны Дзмітрыем Кулебам, пасля якой адбылася іх сумесная прэс-канферэнцыя.

“Мэта майго візіту заключаецца ў тым, каб прадэманстраваць блізкасць Святога Пасаду і папы Францішка да ўкраінскага народа, асабліва ў святле агрэсіі Расіі супраць Украіны. І я запэўніваю вас, што як Святы Айцец, так і яго бліжэйшыя супрацоўнікі, уключаючы мяне, адчуваюць глыбокі боль у сувязі з вялікай колькасцю смерцяў, рознага роду насілля, руйнавання гарадоў і інфраструктуры, раз’яднання шматлікіх сем’яў, мільёнаў перамешчаных людзей і бежанцаў”, - сказаў іерарх.

Арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што сустрэча з Міністрам замежных спраў Украіны і іншымі прадстаўнікамі дзяржаўнай і мясцовай улады, а таксама з рэлігійнымі дзеячамі і людзьмі, якія моцна пацярпелі ад вайны, дазволіла яму “дакрануцца да ран украінскага народу і пачуць яго гарачую малітву аб міры”. Ён распавёў таксама, што адведаў “тры шматпакутныя гарады” – Ворзэль, Бучу і Ірпень.

У Бучы “адбылася адна з самых жудасных падзей” у Еўропе і, на жаль, яна “увойдзе ў гісторыю ХХІ стагоддзя”. Гэта сапраўдны сігнал да абуджэння, каб сказаць: “ Не ўспрымайце мір як данасць. Мір – гэта дар Бога, але таксама нешта, дзеля чаго людзі добрай волі, незалежна ад рэлігійнай прыналежнасці і палітычных поглядаў, павінны нястомна працаваць. І калі не робім гэтага, таму дзейнічаем на наш страх і рызыку, як красамоўна дэманструе Буча”, - падкрэсліў іерарх.

Арцыбіскуп Галахер дадаў, што нягледзячы на ўсведамленне абмежаванасці нашых людскіх сіл у спробах знайсці неадкладныя шляхі спынення “гэтага бессэнсоўнага канфлікту”, “вера ў Бога і чалавецтва падштурхоўвае нас быць настойлівымі ў пошуку міру праз малітву, словы і ўчынкі, і не адступаць з лёгкасцю перад абліччам велізарных выпрабаванняў”. Ён дадаў, што яго візіт з’яўляецца таксама выразам той асаблівай увагі Святога Айца да Украіны, якую ён прадэманстраваў праз Апостальскага элемазінарыя, кардынала Конрада Краеўскага, і праз прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынала Майкла Чэрнага.

Іерарх распавёў, што абмеркаваў з кіраўніком украінскай дыпламатыі сітуацыю ў краіне і пытанні аднаўлення міру. “Што тычыцца апошняга, то Святы Пасад пацвярджае, як заўсёды рабіў, сваю гатоўнасць спрыяць сапраўднаму перамоўнаму працэсу, разглядаючы яго як слушны шлях да справядлівага і трывалага рашэння”.

Адказваючы на пытанне аднаго з журналістаў пра ролю, якую можа адыграць Святы Пасад ва ўкраінска-расійскіх перамовах, арцыбіскуп Галахер, зазначыў, што якая-кольвечы пасрэдніцкая дзейнасць прадугледжвае запрашэнне абодвух бакоў. “Калі б Святы Пасад атрымаў запрашэнне як ад Украіны, так і ад Расійскай Федэрацыі, стаць пасрэднікам ці якім-небудзь чынам дапамагчы ў перамоўным працэсе, тады, магу вас запэўніць, мы б гэта віталі і зрабілі б усё, што ў нашых сілах”, - сцвердзіў ён.

Высокі ватыканскі дыпламат указаў таксама на важны ўклад Касцёла і яго арганізацый, такіх як Caritas, які ў супрацоўніцтве з іншымі Цэрквамі “адказвае на духоўныя і матэрыяльныя патрэбы насельніцтва”. Ён выказаў падзяку ўкраінскім уладам, Каталіцкаму Касцёлу і іншым Цэрквам і рэлігійным арганізацыям “за іх намаганні на карысць міру і салідарнасці, выказваючы спадзяванне на тое, што яны знойдуць падтрымку, якой вельмі патрабуюць, і што аб’яднаныя высілкі ўсяго свету хутка пакладуць канец разбурэнням і смерці”.

 

21 мая 2022, 08:54