Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Нунцый у Кіеве: трывожна, што ўзаемная нянавісць толькі расце

Мы добра ведаем, хто пачаў гэту вайну. Таму, калі Папа заклікае палітыкаў пайсці на пэўныя ахвяры дзеля народа, перш за ўсё расійскі бок, які пачаў вайну, павінен задумацца, ад якіх мэт ён можа адмовіцца.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

На гэта ў інтэрв’ю Vatican News звярнуў увагу Апостальскі нунцый у Кіеве, арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас. Ён дадаў, што ўсе рэлігіі і хрысціянскія канфесіі ва Украіне згодныя ў асуджэнні расійскай агрэсіі і падтрымліваюць украінскія ўлады. Яны ўсведамляюць, што ў гэтым выпадку было парушана не толькі міжнароднае права, але і вечныя фундаментальныя прынцыпы суіснавання, якія гавораць аб тым, што лёс свайго дома і Радзімы павінны вырашаць самі жыхары, а не чужынцы.

Іерарх падкрэсліў, што неабходна як мага хутчэй дамагчыся спынення агню, бо кожны наступны дзень вайны прыносіць новыя ахвяры і павялічвае ўзаемную варожасць.

“Мы бачым, што ў многіх месцах Украіны больш загінулых цывільных грамадзян, чым вайскоўцаў. Гэта непрымальна. (...) Але ёсць яшчэ нешта, што я заўважаю, калі сачу за СМІ ў Расіі, Украіне і іншых краінах Еўропы і свету. Я бачу, што ўзаемная нянавісць не змяншаецца, яна з кожным днём расце. Гэта адно з наступстваў вайны. Сітуацыя становіцца д'ябальскай. Вайна выклікае няўхільны рост варожасці. Вось чаму Францішак пытаецца ў нас, чаму мы засяроджваемся выключна на чалавечых мэтах нашага жыцця? Калі мы хрысціяне, трэба засяродзіцца на нашым Богу і дазволіць Хрысту нешта выйграць у нашым жыцці. А Хрыстус ніколі не нясе вайны ў нашы сэрцы, у нашы краіны”, - падкрэсліў нунцый.
 

13 красавіка 2022, 13:30