Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін  

Кардынал Паралін у вялікім інтэрв’ю пра палітыку Святога Пасаду

Святы Пасад заўсёды канцэнтраваў сваю ўвагу на сітуацыі на Данбасе і ў Данецкай і Луганскай абласцях, настойваў на правільным і эфектыўным прымянення Мінскіх пагадненняў, - заявіў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю ватыканісту партала ACI Stampa Андрэа Гальярдучы Дзяржсакратар Яго Святасці прызнаўся, што ватыканская дыпламатыя вяла бесперапынны дыялог з расійскімі ўладамі, даводзячы да іх неабходнасць мірнага рашэння ўкраінскага крызісу.

На пачатку размовы кардынал Паралін спаслаўся на “абавязак абароны”. “Я перакананы, што ёсць права на абарону, на самаабарону. Фактычна гэта прынцып, на падставе якога Украіна супрацьстаіць Расіі", - адзначыў іерарх. “Міжнародная супольнасць хоча пазбегнуць эскалацыі, таму пакуль ніхто прама не ўмяшаўся, але я бачу, што шмат тых, хто дасылае зброю. Гэта страшна, таму што можа выклікаць эскалацыю, якую немагчыма будзе кантраляваць. Але прынцып самаабароны застаецца", - дадаў ён.

На пытанне, чаму Святы Пасад не выкарыстаў аргумент неабходнай абароны раней, калі ў 2008 годзе была акупавана Паўднёвая Асеція, а ў 2014 годзе анэксаваны Крым, кіраўнік ватыканскай дыпламатыі падкрэсліў, што гэта быў час вядзення дыялогу, які ў выніку “не быў завершаны і не прынёс станоўчых вынікаў”. “Бакі размаўлялі, таксама з удзелам міжнароднай супольнасці. Абмяркоўваліся межы. У сітуацыі дыялогу было лагічна не выкарыстоўваць ніякіх варожых дзеянняў, былі выкарыстаны ўсе сродкі перамоў, спадзеючыся, што яны будуць паспяховымі. На жаль, гэтага не адбылося”, - сказаў ён.

“Што тычыцца Украіны, Святы Пасад ніколі не пераставаў засяроджваць сваю ўвагу на сітуацыі на Данбасе і ў Данецкай і Луганскай абласцях. Мы заўсёды настойвалі на неабходнай гібкасці з боку Расіі і Украіны для правільнага і эфектыўнага прымянення Мінскіх пагадненняў. У размове, якую я меў з Уладзімірам Пуціным падчас візіту ў Расію ў 2017 годзе гэтая нітка таксама з'явілася”, - запэўніў кіраўнік Дзяржсакратарыята.

На пытанне, ці адрэагаваў расійскі бок на тое, што ў 2019 годзе падчас сустрэчы з украінскім грэка-каталіцкім Сінодам ён наўпрост казаў пра “гібрыдную вайну”, якая адбываецца ва Украіне, кардынал Паралін даў адмоўны адказ. "Наколькі я ведаю, не было прамых рэакцый, я не атрымліваў ніякіх каментароў на свае заўвагі, і мае словы не пагоршылі адносін. Наадварот, менавіта таму, што мы вялі бесперапынны дыялог з прэзідэнтам Пуціным, заўсёды ўсведамлялі яго неабходнасць для пашуку міру. Таму яшчэ да пачатку вайны мы выказвалі гатоўнасць стаць пасрэднікамі, асабліва пасля таго, як прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі згадаў Святы Пасад як магчымую нейтральную тэрыторыю, дзе магла б адбыцца сустрэча на вышэйшым узроўні паміж Расіяй і Украінай”, - пракаментаваў бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка.

Дзяржсакратар прызнаўся, што пакуль невядома, якім будзе лёс сустрэчы Папы з Патрыярхам Маскоўскім, запланаванай яшчэ да пачатку вайны. Ён таксама падкрэсліў, што нядаўняя анлайн-размова Францішка і Кірыла адбылася па ініцыятыве Масквы. “Ініцыятыва званка зыходзіла ад Маскоўскага Патрыярхату. Як я бачыў, Патрыярхат паведаміў пра гэта схематычна, афіцыйна, а Святы Пасад абнародаваў тое, што Папа сказаў Кірылу”, - сказаў кардынал Паралін у вялікім інтэрв’ю, першую частку якога апублікавала ACI Stampa.
 

07 красавіка 2022, 13:15