Пошук

Падчас Маршу міру і братэрства Перуджа-Асізі Падчас Маршу міру і братэрства Перуджа-Асізі 

Кардынал на Маршы міру: трэба стаць слугамі шчасця іншых

“Давайце будаваць міжасобасныя адносіны ў свеце, атручаным нянавісцю”, - заахвоціў кардынал Майкл Чэрны падчас малітоўнага чування, якое папярэднічала Маршу міру і братэрства Перуджа-Асізі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека прапанаваў дзве медытацыі, у якіх падкрэсліў у святле Евангелля надзённую неабходнасць жэстаў братэрства і прымірэння, асабліва ў час вайны. “Трэба мець сэрца, поўнае спагады да тых, хто стаў нявіннай ахвярай чалавечай нянавісці і ап’янення сілай”, - адзначыў ён.

Аналізуючы тэкст Евангелля, дзе гаворка ідзе пра “саперніцтва” паміж вучнямі, іерарх падкрэсліў неабходнасць спыніць гонку за перамогу любой цаной, таму што яна знішчае чалавека і наносіць раны міжчалавечым адносінам. “Пачынаючы з малых жэстаў, мы павінны зноў стаць людзьмі. У свеце, атручаным канкурэнцыяй, нянавісцю і насіллем, мы пакліканы будаваць міжасобасныя адносіны, заснаваныя на прыняцці і ўзаемнай любові. Калі логіка ўлады зачароўвае сэрцы многіх, мы слухаем Слова Езуса, якое запрашае нас зрабіць сябе слугамі шчасця іншых, слугамі адно аднаго. Замест таго, каб ламаць іншых, мы спускаемся, каб абмыць ім ногі”, - заўважыў кардынал Чэрны.

У другой медытацыі, у кантэксце евангельскага ўрыўка пра Добрага Самараніна, ватыканскі іерарх засяродзіў увагу на пакоры Бога, Які “згінаецца” над пакутамі чалавека, “Ён не абыякавы да слёз, якія пралівае яго стварэнне”.

Напярэдадні Маршу, які прайшоў 24 красавіка 2022 года, кардынал заахвоціў яго ўдзельнікаў прытрымлівацца стылю Езуса, які сваім Духам аднаўляе сілы і вяртае чалавека на правільны шлях. “Няхай ніхто з нас не застанецца вязнем абыякавасці да таго, што адбываецца вакол нас і да крывацёчных ран нашых братоў і сясцёр”, - заклікаў ён.
 

26 красавіка 2022, 10:59