Пошук

Кардынал Майкл Чэрны Кардынал Майкл Чэрны 

Кардынал Чэрны: годнасць чалавека – арыенцір для дэмакратыі

Кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, выступіў на канферэнцыі, арганізаванай вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Канады.

Ян Глінскі – Vatican News

Іерарх падзяліўся сваім бачаннем адносна ўнёску каталіцтва ў сталае глабальнае развіццё. Сваю прамову кардынал засяродзіў на сацыяльных энцыкліках Папы Францішка Laudato si’ і Fratelli tutti.

Узгадваючы ваеннае ўварванне Расіі ва Украіну, а таксама іншыя крывавыя войны, іерарх указаў на важнасць быцця братамі ў супольным доме. Па словах кіраўніка ватыканскай дыкастэрыі, у сэрцы каталіцтва знаходзіцца чалавек, а таму Каталіцкі Касцёл імкнецца выяўляць перашкоды для інтэгральнага развіцця чалавека.

Падчас прамовы іерарх заўважыў, што Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая i абвешчаная Генеральнай Асамблеяй ААН у 1948 г., з’яўляецца адным з найвышэйшых выражэнняў прызнання чалавечай годнасці, а таму – незаменным арыенцірам для дэмакратыі. Аднак, як заўважыў кардынал Чэрны, факт актаў жорсткасці супраць чалавечай годнасці, сведкамі якіх мы сёння з’яўляемся, – генацыд, катаванні, смяротнае пакаранне, фундаменталізм, расізм, гвалт у адносінах да жанчын – усё гэта не дазваляе нам казаць аб роўнасці правоў.

Кардынал Майкл Чэрны, спасылаючыся на энцыкліку Папы Францішка Fratelli tutti, нагадаў, што крыніцай братэрства з’яўляецца прызнанне фундаментальнай роўнасці ўсіх без выключэння людзей.

Як падкрэсліў ватыканскі іерарх, індывідуалізм не спрыяе большай свабодзе чалавека і братэрству. Кардынал дадаў, што без прызнання фундаментальнага і неад’емнага права кожнага чалавека на інтэгральнае развіццё няма будучыні для братэрства і выжывання чалавецтва.

Кардынал Чэрны нагадаў таксама, што прынцып салідарнасці і сацыяльная роля ўласнасці з’яўляюцца ключавымі тэмамі сацыяльнага вучэння Касцёла. На думку іерарха, крытэрый любові, якая выходзіць за межы ўласнага Я, можна прымяніць да правоў прыватнай уласнасці і іншых сумежных правоў. Кожная дзяржава, як дадаў кардынал, нясе адказнасць за развіццё іншых краін і спрыянне інтэгральнаму развіццю людзей таксама за сваімі межамі. У гэтым кантэксце кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі паўтарыў заклік Папы Францішка, скіраваны да краін з развітай эканомікай, дапамагаць менш развітым краінам, а не старацца дамінаваць над імі.
 

29 красавіка 2022, 08:14