Пошук

 Кардынал П'етра Паралін з паслом Украіны пры Святым Пасадзе Андрэем Юрашам Кардынал П'етра Паралін з паслом Украіны пры Святым Пасадзе Андрэем Юрашам 

Дзяржсакратар пра перспектывы паездкі Папы ў Кіеў

Нельга выключаць магчымасць паездкі Папы ў Кіеў, - заявіў кардынал П'етра Паралін. Ён прызнаўся, што ідзе пошук нейтральнай тэрыторыі для сустрэчы паміж Папам і Патрыяхам Маскоўскім.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Падарожжа не дарагое, яго можна здзейсніць. Справа ў іншым: трэба зразумець, якія наступствы будзе мець гэтая паездка, ацаніць, ці можа яна садзейнічаць заканчэнню вайны”, - сказаў Дзяржсакратар Яго Святасці журналістам у кулуарах сустрэчы ў сядзібе Ватыканскага радыё, дзе ён удзельнічаў у прэзентацыі мультымедыйнага праекта на тэму аўтызму.

Іерарх паведаміў, што ўкраінскі бок запэўнівае ў адсутнасці пагроз для Папы падчас знаходжання ў краіне. Пры гэтым улады спасылаюцца на візіты ў Кіеў шматлікіх еўрапейскіх лідараў.

“Я лічу, што, у рэшце рэшт, паездка ў Кіеў – гэта не нешта немагчымае, яна магчыма”, - прызнаўся кардынал. Аднак працягваецца ацэнка яе “наступстваў”. Гэта датычыцца і адносін з Рускай Праваслаўнай Царквой, якія іерарх лічыць “далікатнымі”. “Безумоўна, Папа не мае намеру займаць пазіцыю аднаго з бакоў, як ён заўсёды рабіў у іншых сітуацыях. Аднак гэты аспект таксама варта ўлічваць пры агульнай ацэнцы магчымасці падарожжа”, - адзначыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Дзяржсакратар пацвердзіў, што “пачалі рэалізоўвацца некаторыя планы” адносна правядзення сустрэчы папы Францішка з Патрыярхам Кірылам, другой пасля кубінскай 12 лютага 2016 года. “Наколькі я разумею, падрыхтоўка ідзе”, - сказаў ён, патлумачыўшы, што на дадзены момант “вядзецца пошук нейтральнай зямлі”. “Гэта ўмова. Але нішто не прадвызначана. З нашага боку праца вядзецца ў першую чаргу Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству, якая з’яўляецца кампетэнтнай у гэтым пытанні дыкастэрыяй”, - адзначыў кардынал Паралін.

Кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду з сумам пракаментаваў зверствы, якія адбыліся ў Бучы. “Я сапраўды лічу, як ужо падкрэслівалася ў многіх колах, што гэтыя падзеі з'яўляюцца паваротным момантам у гэтай вайне. Спадзяюся, што яны стануць пераломнымі ў станоўчым сэнсе: прымусяць усіх задумацца аб неабходнасці як мага хутчэй спыніць баявыя дзеянні, а не загартоўваць свае пазіцыі, чаго баяцца некаторыя”, - сказаў ён.

Іерарх папярэдзіў, што “ўзброены адказ, прапарцыянальны агрэсіі, як вучыць Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, здольны прывесці да пашырэння канфлікту, што можа мець катастрафічныя і смяротныя наступствы”. Ён выказаў пажаданне, каб "усе вярнуліся да мыслення і знайшлі перамоўную працэдуру, каб скончыць гэтыя падзеі, ад якіх няма шляху назад".

Што датычыцца дзейнасці ватыканскай дыпламатыі, кардынал Паралін патлумачыў, што, хоць у цяперашні час няма канкрэтных ініцыятыў, гатоўнасць да пасрэдніцтва або іншай формы ўдзелу, якая магла б спрыяць, з аднаго боку, спыненню агню, а з другога – пачатку перамоў, па-ранейшаму актуальная.
 

09 красавіка 2022, 11:38