Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: папскія цэлебрацыі ў бліжэйшыя месяцы

Візіт на Мальту, велікодныя цэлебрацыі і кананізацыя дзесяці благаслаўлёных – галоўныя падзеі з удзелам Папы ў бліжэйшыя месяцы, паведаміла 21 сакавіка 2022 года Служба папскіх літургічных цэлебрацый.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

2-3 красавіка Францішак здзейсніць Апостальскае падарожжа на Мальту. У Пальмовую Нядзелю, 10 красавіка, ён будзе цэлебраваць святую Імшу на плошчы святога Пятра ў Ватыкане. У Вялікі чацвер, 14 красавіка, Францішак правядзе Імшу Хрызма ў базыліцы св. Пятра. На наступны дзень, у Вялікую пятніцу, Святы Айцец узначаліць літургію Мукі Пана, а затым адправіцца ў Рымскі калізей, дзе правядзе набажэнства Крыжовага шляху.

У суботу, 16 красавіка, у базыліцы св. Пятра, Францішак будзе цэлебраваць Велікодную вігілію, а на наступны дзень, у Велікодную Нядзелю, 17 красавіка, адправіць Эўхарыстыю ў базыліцы св. Пятра і ўдзеліць благаслаўленне Urbi et Orbi. 24 красавіка, у Нядзелю Божай Міласэрнасці, Пантыфік будзе цэлебраваць святую Імшу ў ватыканскай базыліцы.

15 мая на плошчы святога Пятра Папа ўзначаліць урачыстую кананізацыю, дзесяці благаслаўлёных: айца Ціта Брандсмы, сястры Марыі ад Езуса, сястры Марыі Рыўе, Лазара Пілая, ксяндза Сэрара дэ Бю, ксяндза Луіджы Марыі Палацолы, ксяндза Джусціна Марыі Русаліла, айца Шарля дэ Фуко, сястры Марыі Франчэскі ад Езуса і сястры Марыі Даменікі Мантовані.
 

21 сакавіка 2022, 12:25