Пошук

Украінскі сцяг падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане Украінскі сцяг падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 

ЗША пра вайну ва Украіне: Святы Пасад мог бы стаць пасрэднікам

Ва ўрадзе Злучаных Штатаў Амерыкі лічаць голас Святога Пасаду важным у кантэксце намаганняў па спыненні вайны Расіі супраць Украіны і “ўважліва сочаць” за шматлікімі выказваннямі Францішка.

Ян Глінскі - Vatican News

Як падкрэсліў Даніэль Надэль, кіраўнік Аддзела па пытаннях міжнароднай рэлігійнай свабоды пры Дзярждэпартаменце ў Вашынгтоне, 6 сакавіка 2022 года Святы Айцец звярнуўся с заклікам, “надзвычай годным увагі”: Святы Пасад гатовы служыць любым магчымым чынам у якасці пасрэдніка ў заключэнні мірнага пагаднення.

Некаторыя эксперты выказваюць сумнеў адносна таго, што Расія будзе ўспрымаць Каталіцкі Касцёл як нейтральнага парламенцёра, беручы пад увагу яго складаныя адносіны з Праваслаўнай Царквой, якая карыстаецца моцнай падтрымкай расійскага ўраду. Нягледзячы на гэта Надэль лічыць, што голас Святога Пасаду мае ключавое значэнне, паколькі адна з яго самых станоўчых якасцей – паўсюдная прысутнасць і гатоўнасць размаўляць з усімі.

У гэтыя дні амерыканскі чыноўнік правёў шэраг сустрэч з прадстаўнікамі Святога Пасаду. Гэта быў яго першы візіт як кіраўніка Аддзела па пытаннях міжнароднай рэлігійнай свабоды пры Дзярждэпартаменце, створанага ў 1998 годзе для садзейнічання свабодзе веравызнання, як галоўнай мэты замежнай палітыкі ЗША. Надэль прызнаўся, што пакідае Рым з “новым запалам”.

Нагадаем, пасля візіту ў Ватыкан Прэзідэнта ЗША Джо Байдэна ў кастрычніку 2021 года Святы Пасад і Белы Дом абавязаліся супрацоўнічаць у справе змагання з пераследам і дыскрымінацыяй на рэлігійнай глебе.
 

11 сакавіка 2022, 11:39