Пошук

Кардынал Леанарда Сандры з украінскімі грэка-каталіцкімі вернікамі Кардынал Леанарда Сандры з украінскімі грэка-каталіцкімі вернікамі  

Кардынал Сандры пра касцёльнае служэнне ў ваенны час

“Сёння дзеці аднаго хросту падзеленыя і ваююць, і мы зноў перажываем старажытную, але заўсёды сучасную трагедыю Каіна, які падняў руку на свайго брата Авеля”, - адзначыў кардынал Леанарда Сандры.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў звярнуўся да ўдзельнікаў канферэнцыі Служэнне Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы ў ваенны час, якая праходзіла ў Папскім Усходнім Інстытуце 29 сакавіка 2022 года.

Іерарх адзначыў, што ў гэтай драматычнай сітуацыі менавіта папа Францішак стаў голасам тых, хто пакутуе, абвінавачваючы ў агрэсіі і ўварванні, просячы хрысціянскія супольнасці і свет аб салідарнасці з тымі, хто пацярпеў ад вайны.

Кардынал спаслаўся на час Вялікага посту, які вядзе да Велікоднага ранку. Трэба ўмець застацца пад Крыжам, каб потым несці Евангелле Уваскрасення, абвяшчаць Хрыста, Які кажа: “Спакой вам”. “Гэта спакой, у якім адмаўляюцца ад зброі, спакой справядлівасці і міжнароднага права, паступовае гаенне ран і прымірэнне. Стаць пад Крыжам таксама азначае быць сведкамі дзялення Хрыстовай вопраткі, усведамляць, што гісторыя не паважае цэласнасці бясшвовай тунікі Езуса і разрывае яе на часткі. І сёння дзеці аднаго хросту падзеленыя і ваююць, і мы зноў перажываем старажытную, але заўсёды сучасную трагедыю Каіна, які падняў руку на свайго брата Авеля, з аднаго боку. З іншага боку, розныя Цэрквы ва Украіне, нават Царква Маскоўскага Патрыярхату, перажываюць агульныя з усімі ўкраінцамі пакуты. Зноў ва Усходняй Еўропе рэалізуецца экуменізм крыві і мукі, пра які мы казалі ў апошні час выключна ў кантэксце блізкаўсходняга канфлікту”, - заўважыў Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў.

Кардынал Сандры пажадаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царкве ў ваенны час заставацца Царквой Пасхі, якая нясе святло надзеі на тое, што пасля доўгай суровай зімы прыйдзе вясна.
 

31 сакавіка 2022, 12:44