Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Рэкі крыві ва Украіне – гэта вайна, а не “ваенная аперацыя”

Андрэа Тарніелі пракаментаваў словы Папы пра расійскі напад, што “сее смерць, разбурэнне і беднасць”, і працу журналістаў, якая дазваляе “ацаніць жорсткасць” таго, што адбываецца ва Украіне.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ звярнуў увагу на словы Святога Айца, які выразна кажа, што ва Украіне адбываецца “вайна”, а не “ваенная аперацыя”. Такім чынам Пантыфік “абврегнуў fake news, мэта якога схаваць за слоўнымі выкрутамі жорсткую рэальнасць фактаў”.

“Францішак апісаў тое, што перад вачыма ўсіх – жылыя дамы з выбітымі вокнамі, забітыя пажылыя асобы, жанчыны і дзеці – сцвярджаючы, што ва Украіне “цякуць рэкі крыві і слёз”. Гэта не выпадковыя словы, яны красамоўна паўтараюць тое, што два дні таму сказаў архіепіскап Кіеўскі Святаслаў Шаўчук, які знаходзіцца ў аблозе разам са сваім народам ва ўкраінскай сталіцы”, - напісаў Тарніелі.

Журналіст звярнуў увагу таксама на заклік Папы да неадкладных гуманітарных дзеянняў. Папа просіць, каб былі “па-сапраўднаму забяспечаны гуманітарныя калідоры”, настойваючы на гэтым “па-сапраўднаму”, якое ўказвае на тое, што ўчора, нягледзячы на заявы пра намеры з боку расійскай арміі, якая ўварвалася ва Украіну, гэтага насамрэч не адбылося. Біскуп Рыма заклікаў таксама паважаць міжнароднае права, відавочна парушанае тымі, хто захацеў распаліць гэту агрэсіўную вайну.

Таксама Францішак просіць, каб “спыніўся ўзброены наступ”, бо відавочна, што гаворка ідзе пра агрэсію, дзе ёсць той, хто наступае, і той, хто абараняецца. І дзе, таксама, ёсць народ, які церпіць жудасныя наступствы: смерць, пакуты, раздзеленыя сем’і, мільёны бежанцаў.

Нарэшце, пасля падзякі тым, хто прымае бежанцаў, важнай з’яўляецца падзяка Папы журналістам, які рызыкуюць жыццём дзеля таго, каб забяспечваць інфармацыяй, даючы магчымасць усім наблізіцца да трагедыі ўкраінскага народу і “ацаніць жорсткасць вайны”. Гэта падзяка, якая гучыць пасля таго, як усяго тры дні таму ў Расіі быў прыняты новы закон, які прадугледжвае да пятнаццаці гадоў турмы для расійскіх грамадзян і замежнікаў, якія распаўсюджваюць “фальшывую інфармацыю пра ўзброеныя сілы”. Бо ёсць тыя, хто намераны называць гэту брудную вайну “ваеннай аперацыяй”, - з жалем зазначыў Андрэа Тарніелі.

06 сакавіка 2022, 15:41