Пошук

Францішак падчас Анёл Панскі. Ілюстрацыйнае фота Францішак падчас Анёл Панскі. Ілюстрацыйнае фота  Калонка рэдактара

Францішак хоча пакінуць адкрытым прасвет магчымасці спыніць зло

Папа, які ў апошнія гады па-прароцку перасцерагаў ад Трэцяй сусветнай вайны, ідзе па слядах сваіх папярэднікаў і ваюе са злом зброяй дабра, - адзначыў Андрэа Тарніелі ў сваёй калонцы на Vatican News.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ нагадаў, што яшчэ да пачатку ўварвання расійскіх войск, на Анёл Панскі 20 лютага 2022 года, Францішак сказаў: “Як сумна, калі людзі і цэлыя народы, якія ганарацца сваім хрысціянствам, глядзяць на іншых як на ворагаў і думаюць пра вайну!”. А на наступны дзень пасля першых бамбардзіровак Украіны ён асабіста адправіўся ў пасольства Расійскай Федэрацыі пры Святым Пасадзе і выказаў прадстаўніку Крамля ўсю сваю занепакоенасць. На Анёл Панскі 6 сакавіка 2022 года Пантыфік вырашыў звярнуць увагу на крывадушнасць расійскага кіраўніцтва, якое з упартасцю называе тое, што адбываецца, “спецыяльнай ваеннай аперацыяй”, маскіруючы гэтай гульнёй слоў жорсткую рэальнасць ваеннай агрэсіі.

Тарніелі звярнуў увагу на факт скіравання ва Украіну асабіста Францішкам двух кардыналаў з мэтай перадаць дапамогу і падтрымку бежанцам і тым, хто іх прымае, а таксама на неаднаразовыя заявы кардынала Дзяржсакратара П'етра Параліна аб гатоўнасці Апостальскай Сталіцы садзейнічаць усімі магчымымі спосабамі любым формам пасрэдніцтва.

У апошнія тыдні Пантыфік быў прадметам крытыкі з боку тых, хто спадзяваўся выразна пачуць у яго публічных заявах імя Уладзіміра Пуціна і назву краіны – Расія. Паколькі гэтага не адбылося, голасу Папы не надалі асаблівага значэння, бо яго заклікі не адпавядалі жаданым клішэ, нібы словы пастыра Паўсюднага Касцёла павінны быць сугучныя з тэзісамі тэлевізійных навін. Магчыма, усё гэта адбываецца таму, што многія памылкова ўспрымаюць Францішка ў якасці своеасаблівага “капелана” Захаду, гатовага завербаваць Бога і благаславіць вайну ў Яго імя, - заўважыў ватыканскі журналіст у сваёй аўтарскай калонцы.

Тарніелі нагадаў, што Пантыфікі ніколі не называлі па імені і прозвішчы агрэсараў, і не з баязлівасці ці ў імя дыпламатычнай асцярожнасці, але каб не зачыняць дзверы, каб пакінуць адкрытым прасвет магчымасці спыніць зло і выратаваць чалавечыя жыцці.

Парадаксальна, што свет забыўся гэтыя старонкі нядаўняй гісторыі і хоча растлумачыць Папу, якія “правільныя” словы яму ўжываць, пасля таго як гадамі пакідаў без увагі яго перасцярогі, звязаныя з гонкай ядзерных узбраенняў, гандлем зброяй, вайной і тэрарызмам, эканомікай, якая адбракоўвае і забівае, знішчэннем стварэння.

Пераемнік святога Пятра без цяжкасцей можа паказаць, “на чыім ён баку”: ён заўсёды на баку нявінных, якія пакутуюць як Езус на Крыжы, - падкрэсліў Тарніелі. Кожнае яго слова, кожная спроба нацэлена на выратаванне жыцця людзей, на тое, каб не саступаць логіцы зла, ваяваць са злом зброяй дабра. Гэта тычыцца і вайны ва Украіне, і ўсіх “забытых” войнаў, які ідуць “на ўскраінах свету”.
 

15 сакавіка 2022, 11:24