Пошук

Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас падчас сустрэчы з Францішкам Арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас падчас сустрэчы з Францішкам 

Нунцый ва Украіне: гаворкі пра візіт Папы ў Кіеў не ідзе

Візіт Папы ў Кіеў на дадзены момант немагчымы, не існуе мінімальных умоў бяспекі для яго правядзення, - паведаміў Апостальскі нунцый ва Украіне, арцыбіскуп Вісвальдас Кульбокас.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв’ю італьянскаму выданню Familia Cristiana 47-гадовы ватыканскі дыпламат патлумачыў, што без перамір’я пілігрымка “стала б рызыкоўнай як для Папы, так і для вернікаў”. Пры гэтым ён выключыў “патаемнае” падарожжа Францішка.

На думку іерарха, заклікі Пантыфіка маліцца аб міры маюць вялікае значэнне, бо “адной з мэт малітвы з’яўляецца навяртанне сэрцаў”. “Без такой унутранай трансфармацыі палітыкі, якія ўдзельнічаюць у канфлікце, будуць прытрымлівацца тых жа перакананняў, якія прывялі да вайны, і мы не выйдзем з гэтай спіралі насілля і смерці. Малітва з'яўляецца асноўнай духоўнай зброяй. Калі цэлебрую Імшу ў нунцыятуры, я раблю гэта і за тых, хто хаваецца ў бункерах, за тых, каго бамбяць, за дзяцей, якія паміраюць ад смагі. Вайна выклікае пакуты, смерць і разбурэнні”, - адзначыў Апостальскі нунцый.

Спасылаючыся на Чын прысвячэння свету, і асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі, ён адзначыў, што “вайна – гэта выдумка д’ябла”. “Адзіная зброя супраць сатаны” – гэта духоўная, а “самая моцная абаронца – Дзева Марыя, якая з’яўляецца Маці ўсіх”. Даверыць сябе ёй – правільны выбар, бо менавіта яна топча галаву змяі”, - адзначыў іерарх, звяртаючыся да біблейскай сімволікі.

Ён прызнаўся, што з пачатку вайны Святы Пасад прыкладаў намаганні па падтрымцы стварэння гуманітарных калідораў, дасылаючы ў Расію “канкрэтныя запыты, якія тычыліся ў першую чаргу дзяцей, ад абароны дзіцячых дамоў да магчымасці іх эвакуацыі”. “У гэтых пытаннях мы выкарыстоўваем дыпламатычныя каналы”, - падкрэсліў арцыбіскуп Кульбокас.

Прадстаўнік Папы ва Украіне паведаміў, што з прычыны бамбардзіровак верхнія паверхі будынка Апостальскай нунцыятуры ў Кіеве не выкарыстоўваюцца з моманту пачатку вайны. “Мы пастаянна жывём і цэлебруем Імшу на першым паверсе. Калі мы чуем у нашай акрузе шум блізкіх выбухаў і гукі сірэн трывогі, хаваемся ў падвале, хоць жыць днём і ноччу там немагчыма”, - прызнаўся літоўскі іерарх.
 

29 сакавіка 2022, 10:41