Пошук

Кардынал Майкл Чэрны Кардынал Майкл Чэрны 

Кардынал Чэрны: вайна робіць нас нячулымі

Кардынал Майкл Чэрны завяршыў свой візіт у Славакію. У Браціславе спецыяльны папскі пасланнік прыняў удзел у ІІІ Еўрапейскіх каталіцкіх сацыяльных днях.

Ян Глінскі - Vatican News

Падчас святой Імшы з удзельнікамі сустрэчы кардынал Чэрны падкрэсліў, што “мары будуюцца разам, таму нам патрэбна супольнасць, у якой мы дапамагаем адно аднаму глядзець у будучыню”. Па словах іерарха, супольнасць дазваляе прыняць як жыццёвы ўказальнік перспектыву крыжа, якая не з’яўляецца спосабам самазнішчэння, але дапамагае бачыць Божых дзяцей таксама ў тых, хто ўкрыжоўвае.

“Дзякуючы гэтай перспектыве мы можам убачыць у нашых непрыяцелях умілаваных дзяцей Божых. Ніводнае зло не можа засланіць адвечнай любові, якая ззяе з вачэй маёй сястры і брата. Яны – люстэрка чалавечай годнасці і нагадваюць пра наша супольнае паходжанне”, - сказаў кардынал Чэрны.

Папскі пасланнік нагадаў, што вайна заўсёды пачынаецца ў сэрцы чалавека, яна гасіць мары і нішчыць спазнанае дабро. “Вайна робіць нас нячулымі да таго, што крохкае, і чыніць так, што мы ненавідзім нявінных. Так узнікаюць дэструктыўныя саюзы, якія базуюцца на супольнасці непамерных інтарэсаў; гісторыя паскарае, перарастае яе стваральнікаў і вядзе ўсіх да краю прорвы”, - заўважыў кардынал Майкл Чэрны.

Як падкрэсліў іерарх, ілюзіяй з’яўляецца меркаванне, што вайна – гэта адзіны адказ на кожную сітуацыю адсутнасці раўнавагі, асабліва ў наш час, калі салдат, страляючы ў мірных жыхароў, часта нават не мусіць глядзець ім у вочы. “Зброя настолькі перадавая, што ёю кіруюць на значнай адлегласці. Для салдата, які страляе ў бальніцу, усё гэта выглядае, як відэагульня”, - падкрэсліў кардынал Чэрны.

На заканчэнне папскі пасланнік дадаў, што нельга забываць таксама пра войны, якія ідуць у іншых кутках свету, дзе пакутуюць людзі, – у Емене, Сірыі і Эфіопіі. “Кожная вайна – гэта паражэнне палітыкі і крах чалавецтва. Яна робіць свет горшым, чым той быў раней”, - нагадаў іерарх словы Святога Айца.
 

19 сакавіка 2022, 09:47