Пошук

Канфесіянал. Ілюстрацыйнае фота Канфесіянал. Ілюстрацыйнае фота 

Апостальская пэнітэнцыярыя: спавяднік – настаўнік праўды

У Ватыкане праходзіць курс спаведнікоў, арганізаваны Апостальскай пэнітэнцыярыяй для маладых святароў і дыяканаў. Курс завершыцца ўрачыстай пакаяннай літургіяй, якую ўзначаліць Папа ў базыліцы святога Пятра.

Ян Глінскі - Vatican News

Як адзначыў рэгент Апостальскай пэнітанцыярыі, ксёндз Кшыштаф Ныкель, спавяднік павінен быць “айцом, які абдымае, урачом, які лечыць, настаўнікам, які настаўляе, суддзёю, які аказвае міласэрнасць”. Перш за ўсё, як сцвердзіў рэгент, спавяднік павінен аказваць бацькоўскую любоў да ўсіх пэнітэнтаў, а асабліва да “загубленых” дзяцей, якія вяртаюцца і часта здалёк. Ён павінен быць не такім, як суддзі гэтага свету, якія шукаюць, за што можна пакараць, а такім, які ўмее распазнаць, ці ёсць у душы пэнітэнта ўмовы для прыняцця Божага прабачэння, суддзёю, які дзейнічае паводле справядлівасці Божай, застаючыся міласэрным.

Спавяднік павінен заставацца настаўнікам праўды, які абвяшчае вучэнне Езуса пра тое, што добрае, а што злое, без права тлумачыць праўды Евангелля паводле ўласнага пункту гледжання.

Удзяляючы сакрамэнт пакаяння спавяднік мае нагоду, каб фарміраваць і раз’ясняць сумленне пэнітэнта. Аднак, як падкрэсліў ксёндз Ныкель, гэта магчыма, калі сам святар вядзе глыбокае духоўнае жыццё. Каб весці іншых шляхам хрысціянскай дасканаласці, распарадчык сакрамэнту павінен першым прайсці гэты шлях, і больш праз учынкі, чым праз доўгія навукі: праз досвед малітвы, практыкаванне евангельскіх, тэалагічных і маральных цнотаў, праз верную паслухмянасць Божай волі, любоў да Касцёла і паслухмянасць яго Настаўніцтву.

Рэгент Апостальскай пэнітанцыярыі звярнуў увагу на стаўленне і словы Францішка, які часта падкрэслівае, што Божая міласэрнасць з’яўляецца сэрцам евангельскага паслання. Папа не перастае паўтараць, што Бог – бясконца міласэрны Айцец, Які заўсёды чакае, бо хоча абудзіць у людзях давер і надзею на тое, што змены на лепшае магчымыя. Святы Айцец хоча, каб Касцёл аб’явіўся свету як Маці і Настаўніца міласэрнасці, як дом для ўсіх – моцных і слабых, грэшнікаў і абыякавых, для знеахвочаных і тых, хто заблукаў.
 

25 сакавіка 2022, 10:25