Пошук

Караваджа. Пакліканне апостала Мацвея Караваджа. Пакліканне апостала Мацвея 

Ватыканскія музеі: Караваджа працягвае заставацца загадкай

“Творчасць Караваджа аб’ядноўвае своеасаблівае містычнае бачанне аб збаўленні. Яно не дае яму спакою, але ў той жа час ён знаходзіць у ім сваё аздараўленне“, - лічыць Марка Бусальі.

Ян Глінскі - Vatican News

Італьянскі прафесар стаў адным з удзельнікаў міжнароднага кангрэса, арганізаванага ў супрацоўніцтве з Ватыканскімі музеямі да 450-й гадавіны нараджэння мастака і прысвечанага яго жыццю і творчасці.

Удзельнікі кангрэсу – звыш 40 вучоных з усяго свету – паказалі, што Караваджа працягвае заставацца загадкай. Даследаванні, якія працягваюцца, абвяргаюць міфы, што круцяцца вакол яго, і ўказваюць на спрошчаную інтэрпрэтацыю, засяроджаную на пачуццях і эротыцы, дзе не ўлічваецца містычнае і духоўнае значэнне яго карцін.

На духоўнае вымярэнне творчасці Караваджа звярнуў увагу, між іншым, прафесар Алесандра Дзукары з рымскага ўніверсітэта Ла Сап’енца. У сваіх даследаваннях ён адкрыў сувязь мастака з цэнтрамі тагачаснага аднаўлення Касцёла, а асабліва з Араторыем святога Філіпа Нэры ў Рыме.

Прафесар нагадаў аб распаўсюджаным перакананні, што Караваджа быў атэістам і нават ерэтыком. “У той жа час аб’ектыўным фактам застаецца тое, што большасць яго карцін датычыць рэлігійнай тэматыкі. Яго працы выражаюць глыбокую духоўнасць. Cентыментальнасць Караваджа шматразова звязвалі з плынню абнаўлення і з Барамэямі: святым Карлам і кардыналам Фрыдэрыкам Барамэем у Мілане, дзе нарадзіўся Караваджа ў 1571 г. (…) Відавочная таксама сувязь мастака з духоўнасцю святога Філіпа Нэры ў Рыме. Усё гэта паміж сабою звязана, бо Карл Барамэй адправіў свайго пляменніка Фрыдэрыка вучыцца ў Рым і даручыў яго святому Філіпу. (…) Бедныя – у цэнтры яго творчасці”, - адзначыў прафесар Дзукары. “Караваджа звяртае ўвагу на апошніх, бедных і хворых. Мы бачым гэта ў яго працах”, - дадаў даследчык вялікага мастака.
 

11 лютага 2022, 10:55