Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад зоймецца захаваннем спадчыны манаскіх кангрэгацый

Папская рада па культуры і Кангрэгацыя па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця хочуць супрацоўнічаць у пошуку і захаванні культурнай спадчыны манаскіх кангрэгацый.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Інстытуты, ордэны і таварыствы апостальскага жыцця з'яўляюцца захавальнікамі вельмі важнай часткі спадчыны Касцёла і чалавецтва", - пацвердзіў кардынал Жоао Браз дэ Авіз, прэфект Кангрэгацыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. Гэта спадчына складаецца з архіваў, кніг, мастацкіх і літургічных твораў, будынкаў.

“Асабліва ў кантэксце старэння манаскіх кангрэгацый і адсутнасці новай крыві, гаворка ідзе пра спадчыну, з аднаго боку, але таксама і пра кіраванне або ўстойлівае выкарыстанне будынкаў, якія выйшлі з ужытку”, - патлумачыў іерарх. Вось чаму Рада і Кангрэгацыя хочуць аб’яднаць намаганні, каб дамагчыся прагрэсу ў каталагізацыі і фотадакументацыі культурных каштоўнасцей.

Адной з цяжкасцей, на думку кіраўніка профільнай дыкастэрыі, стане каардынацыя дзейнасці. У адрозненне ад мясцовых Касцёлаў, асобныя інстытуты і кляштары карыстаюцца большай аўтаноміяй. Пасадзейнічаць супрацоўніцтву павінен міжнародны кангрэс пад назвай: Харызма і творчасць. Каталагізацыя, кіраванне і інавацыйныя праекты на карысць культурнай спадчыны супольнасцей кансэкраванага жыцця, які адбудзецца 4 і 5 мая.

Старшыня Папскай рады па культуры, кардынал Джанфранка Равазі, падкрэсліў, што ініцыятыў у гэтай сферы шмат, але яны часта ізаляваныя і вядомыя толькі невялікай групе. Ён спаслаўся на ўзроставую структуру ордэнаў і кангрэгацый. Форум будзе накіраваны на пераўтварэнне “цяжару тэхнічнага абслугоўвання ў магчымасць для абнаўлення”. “У гэтым кантэксце каталагізацыя з'яўляецца фундаментальным і незаменным сродкам пазнання, колькаснай ацэнкі, аховы і захавання культурных дабротаў ва ўсёй іх складанасці”, - лічыць кіраўнік дыкастэрыі.
 

19 лютага 2022, 12:12