Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Кох пра тэму святарства ў экуменічным дыялогу

Разважанне аб ідэнтычнасці і будучыні святарства з’яўляецца адной з важных тэм, якія ўздымаюцца ў экуменічным дыялогу, - заўважыў кардынал Курт Кох падчас міжнароднага сімпозіума ў Ватыкане.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству адзначыў, што гэта важнае пытанне для разумення таго, як мы ўспрымаем Касцёл, Эўхарыстыю і сутнасць сакрамэнту пасвячэння.

“У дыялогу з Праваслаўнай Царквой мы маем шмат агульных пунктаў адносна значэння святарскага пасвячэння і разумення паўсюднага святарства ўсяго народа Божага. У цяперашні час найбольш актуальная тэма тычыцца ўзаемасувязі паміж сінадальнасцю і прыматам”, - заўважыў іерарх падчас форума, які праходзіў на мінулым тыдні.

“З іншага боку, дыялог з пратэстанцкімі Цэрквамі выявіў той факт, што яшчэ шмат трэба зрабіць, асабліва калі гаворка ідзе пра сэнс і ролю сакрамэнту святарства, у тым ліку ў адносінах да Эўхарыстыі. Агульным пунктам тут з'яўляецца паўсюднае святарства хросту, якое падзяляюць усе ахрышчаныя ў святарстве Езуса Хрыста. Гэта таксама дазваляе нам лепш зразумець, што сакрамэнтальнае святарства ў Касцёле з’яўляецца служэннем, каб усе ахрышчаныя маглі ў поўнай меры адчуць сваё агульнае святарства”, - сказаў кардынал Кох.
 

21 лютага 2022, 11:19