Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Паралін спыніць эскалацыю вайны ва Украіне

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін заклікае пазбегнуць ваеннай эскалацыі ва Украіне, спыніць сутыкненні і распачаць перамовы, для якіх ніколі не можа быць позна.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Бліжэйшы супрацоўнік Папы даў інтэрв’ю чатыром галоўным італьянскім выданням – Il Corriere della Sera, La Repubblica, La Stampa e Il Messaggero. Ён падкрэсліў, што Апостальская Сталіца гатова садзейнічаць перамовам паміж Расіяй і Украінай.

Дзяржсакратар заўважыў, што распаўсюджванне канфлікту на тэрыторыю іншых еўрапейскіх краін стала бы “велізарнай катастрофай” і гэтага, “на жаль, цалкам нельга выключаць”. “На працягу апошніх дзён я чуў выказванні, якія нагадвалі падзеі, што папярэднічалі і справакавалі Другую сусветную вайну”, - дадаў ён.

Кардынал Паралін выказаў занепакоенасць тым, што можа наступіць “новая халодная вайна з двума супрацьлеглымі блокамі”, што супярэчыць культуры братэрства, да якой заклікае Папа ў якасці адзінага спосабу пабудовы справядлівага, салідарнага і мірнага свету.

Дзяржсакратар заўважыў, што не спраўдзіліся спадзяванні на тое, што не пачнецца вайна Расіі супраць Украіны. У той жа час ён падкрэсліў, што “месца для перамоў ёсць заўсёды”: для іх “ніколі не позна”, бо “адзіны разумны і канструктыўны спосаб вырашэння рознагалоссяў – гэта дыялог, як нястомна паўтарае пара Францішак”. Святы Пасад, у сваю чаргу, гатовы спрыяць дыялогу з Расіяй, “заўсёды гатовы дапамагчы бакам аднавіць гэты шлях”, - сказаў іерарх.

“Карыстаючыся нагодай, я хачу паўтарыць настойлівы заклік да спынення сутыкненняў і вяртання да перамоў, які Святы Айцец скіраваў падчас візіту ў пасольства Расіі пры Апостальскай Сталіцы”. У першую чаргу трэба неадкладна спыніць ваенны напад, трагічныя наступствы якога мы ўсе ўжо бачылі, сцвердзіў ватыканскі кардынал.

Дзяржсакратар нагадаў словы Пія ХІІ, прамоўленыя 24 жніўня 1939 года, за некалькі дзён да пачатку Другой сусветнай вайны: “Няхай людзі пачнуць разумець адзін аднаго. Ведучы перамовы з добрай воляй і павагай да правоў іншага боку, яны ўсвядомяць, што шчырыя і сапраўдныя перамовы ніколі не застануцца без поспеху, вартага гонару”.

Бліжэйшы супрацоўнік Папы назваў “абнадзейлівымі знакамі” заклікі прадстаяцелей Праваслаўных Цэркваў, якія гатовы пакінуць памяць пра ўзаемныя раны і працаваць на карысць міру. Цэрквы, на яго думку, могуць выканаць фундаментальную ролю ў прадухіленні пагаршэння сітуацыі.

“Мы яшчэ раз бачым, што адносіны і слуханне адно аднаго неабходныя, каб у поўнай меры ведаць і разумець пазіцыю іншых. Калі людзі перастаюць мець зносіны і шчыра слухаць адзін аднаго, тады пачынаюць глядзець адзін на аднаго з падазрэннем і ў выніку абменьваюцца толькі ўзаемнымі абвінавачваннямі. Падзеі апошніх месяцаў толькі паглыбілі гэту ўзаемную глухату, што прывяло да адкрытага канфлікту. Імкненні кожнай краіны і іх законнасць павінны быць прадметам сумеснай рэфлексіі ў больш шырокім кантэксце і, перш за ўсё, з улікам выбару грамадзян і з павагай да міжнароднага права. Гісторыя поўная прыкладаў, якія пацвярджаюць, што гэта магчыма”, - сказаў Дзяржсакратар Яго Святасці Папы.

28 лютага 2022, 11:24