Пошук

Кардынал Майкл Чэрны Кардынал Майкл Чэрны 

Кардынал Чэрны: кожны можа штосьці зрабіць для братэрства

Кожны з нас можа штосьці зрабіць для агульначалавечага братэрства, падкрэсліў часовы кіраўнік ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Ян Глінскі - Vatican News

“Назва нашай дыкастэрыі з’яўляецца ў пэўным сэнсе тлумачэннем або перафармуляваннем выразу “агульначалавечае братэрства”, - сказаў кардынал Майкл Чэрны ў інтэрв’ю Vatican News, заўважаючы, што структура, якую ўзначальвае, займаецца “сацыяльнымі, грамадскімі, эканамічнымі і палітычнымі фактарамі, якія могуць быць перашкодай або дапамогай у інтэгральным развіцці чалавека”. Інтэгральнае развіццё азначае стварэнне ўмоў для годнага жыцця і гарызонту надзеі, - дадаў ён.

Па словах кардынала Чэрнага, дакумент, падпісаны Папам і шэйхам Ахмедам Аль-Таебам тры гады таму ў Абу-Дабі, тлумачыць, што кожны можа штосьці зрабіць на карысць агульначалавечага братэрства.

Іерарх зазначыў, што гэта тэма звязана, у прыватнасці, з міграцыйнай праблемай. Перамяшчэнне людзей заўсёды было адным з аспектаў жыцця, а цяпер, дзякуючы сродкам масавай камунікацыі, людзі больш ведаюць пра праблемы мігрантаў і ўсведамляюць той факт, што кожны можа зрабіць свой унёсак, каб дапамагчы ім.

На думку кардынала, клопат пра мігрантаў можа стаць нагодай для ўзрастання: як на асабістым узроўні, так і на ўзроўні народу. “Агульначалавечае братэрства, якое разумеецца таксама ў адносінах да мігрантаў, бежанцаў і ахвяр гандлю людзьмі, становіцца нагодай для таго, каб раскрыць свае сэрцы, рукі і жыцці для тых, хто гэтага патрабуе. Хрыстус выразна сказаў: калі зробім гэта для іншых – зробім для Яго”, - нагадаў кардынал Майкл Чэрны.
 

04 лютага 2022, 09:29