Пошук

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас візіту ў Паўднёвы Судан Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас візіту ў Паўднёвы Судан 

Святы Пасад рыхтуе папскі візіт у Паўднёвы Судан

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер у Паўднёвым Судане рыхтуе глебу для запланаванага папскага візіту ў краіну. Да 23 снежня 2021 года іерарх знаходзіўся ў Джубе, дзе сустрэўся з палітыкамі і рэлігійнымі лідарамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Ідэальнага часу для падарожжа няма, але існуе магчымасць, што Францішак наведае Паўднёвы Судан у 2022 годзе”, - сказаў Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі.

Іерарх запэўніў, што Папа некалькі разоў выказваў жаданне наведаць краіну, і што ўлады Паўднёвага Судана зацікаўлены ў арганізацыі пілігрымкі. Ён адзначыў, што Святы Айцец кансультуецца адносна сваіх планаў з Архіепіскапам Кентэрберыйскім Джасцінам Уэлбі. Ужо падчас сустрэчы з ім у 2017 годзе Францішак выказаў гатоўнасць арганізаваць сумесную экуменічную пілігрымку ў Паўднёвы Судан, якая, як ён адзначыў, узмацніла б пасланне міру для гэтай краіны.

Усё сведчыла аб тым, што паездка магла адбыцца ўжо ў кастрычніку 2017 года, але пагаршэнне палітычнай сітуацыі, перапыненне рэжыму спынення агню і эскалацыя напружанасці ў розных рэгіёнах краіны, а таксама сур’ёзны гуманітарны крызіс прымусілі Святога Айца змяніць свае планы і адкласці візіт, - патлумачыў арцыбіскуп Галахер.

“Для Папы Паўднёвы Судан сапраўды важны. Пра гэта сведчыць надзвычайны жэст Святога Айца, які два гады таму цалаваў ногі кіраўнікам краіны, просячы іх пачаць мірны працэс. Вядома, на прыпыненне візіту ў Судан паўплывала і пандэмія каронавіруса, а не толькі парушэнне рэжыму спынення агню. Аднак цяпер мы прызналі, што заўсёды будуць перашкоды і што візіт павінен быць арганізаваны. Таму я паехаў, каб правесці размовы з лідарамі, як палітычнымі, так і рэлігійнымі, каб вывучыць сітуацыю і паглядзець, як Святы Пасад, Папа і Архіепіскап Кентэрберыйскі могуць дапамагчы прасоўванню мірнага працэсу”, - пракаментаваў ватыканскі дыпламат.

Арцыбіскуп Галахер прызнаўся ў сваім аптымізме адносна Афрыкі. “Я веру ў гэты кантынент. Разумею, што перад ім шмат праблем і выклікаў, але, думаю, тут пераважаюць энергія і аптымізм. У афрыканскім народзе ёсць нешта такое, што прымушае Афрыку рухацца наперад, у тым ліку народ Паўднёвага Судана”, - сказаў прадстаўнік Святога Айца.
 

27 снежня 2021, 09:44