Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал пра мігрантаў: нельга ігнараваць тых, хто пакутуе

На сустрэчы высокапастаўленых чыноўнікаў у офісе Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў кардынал Майкл Чэрны падкрэсліў, што справіцца з міграцыйным крызісам можна праз прадухіленне прычын самой праблемы.

Ян Глінскі - Vatican News

“Будаванне муроў не наблізіць нас да сапраўдных рашэнняў. Яны толькі паглыбляюць чалавечыя цярпенні і канфлікты”, - адзначыў намеснік сакратара Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Падчас свайго выступлення прастаўнік Святога Пасаду звярнуў увагу на дзве праблемы. Ён заклікаў паразважаць, ці палепшылася сістэма абароны бежанцаў дзякуючы трывалым рашэнням і справядліваму размеркаванню цяжараў і адказнасці, асабліва для прымаючых краін. Другое пытанне датычыла ўплыву пандэміі на дасягненне мэтаў глабальнага пагаднення Compact, прынятага Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый з мэтай рэгулявання перамяшчэння людзей па свеце.

Кардынал Чэрны нагадаў, што па-ранейшаму існуе небяспека застацца абыякавымі да цярпенняў бежанцаў, а таксама працытаваў Францішка, які падчас візіту ў Грэцыю справу бежанцаў назваў “справай усяго свету”.

“Мы не можам адводзіць позірку, адмаўляць нашу агульную чалавечнасць ці ігнараваць тых, хто церпіць. Мы павінны пазбавіцца індывідуалізму, які выключае іншых, і абудзіць сэрцы, глухія на патрэбы нашых бліжніх”, - заўважыў ватыканскі іерарх.

Кардынал падзякаваў за “шчодрасць і салідарнасць” краінам, якія далі прытулак бежанцам, што не было б магчыма без салідарнасці мясцовых жыхароў і рэлігійных супольнасцей, якія часта першымі выходзяць на дапамогу ў крызісных сітуацыях.
 

17 снежня 2021, 11:08