Пошук

Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота Кардынал П'етра Паралін. Ілюстрацыйнае фота 

Дзяржсакратар: візіт на Кіпр і ў Грэцыю – вяртанне да вытокаў

Кардынал П’етра Паралін падзяліўся з Vatican News некаторымі думкамі адносна галоўных этапаў 35-га Апостальскага падарожжа Францішка. З 2 па 6 снежня 2021 г. Папа наведае Кіпр і Грэцыю.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падарожжа Святога Айца стане пілігрымкай “да вытокаў Касцёла”, бо праз тэрыторыю Кіпра і Грэцыі пралягалі апостальскія шляхі Барнабы і Паўла. Гэта будзе вяртанне да крыніцаў, каб адшукаць “радасць Евангелля” – тое, што характарызуе актуальны пантыфікат ад самага яго пачатку, - перакананы Дзяржсакратар.

Каментуючы кіпрскую частку пілігрымкі, кард. Паралін заўважыў, што сітуацыя на востраве “вельмі далікатная і трывожная” – з 1974 г. ён падзелены на дзе часткі, а нядаўнія перамовы аб уз’яднанні, якія праходзілі ў Швейцарыі пад патранажам ААН, “на жаль, не прынеслі ніякіх вынікаў”.

“На маю думку, Папа зноў нагадае пазіцыю, спадзяванне, заклік Святога Пасаду адносна таго, што праблема Кіпра можа быць вырашана выключна шляхам шчырага і сумленнага дыялогу паміж зацікаўленымі бакамі, заўсёды беручы пад увагу дабро ўсяго вострава”, - сказаў ён.

Кардынал лічыць, што агульныя выклікі краін міжземнаморскага рэгіёну, патрабуюць агульных рашэнняў. Усе краіны, усе народы, якія жывуць на берагах Міжземнага мора “павінны прыкласці намаганні, каб ператварыць яго з месца, якое раздзяляе нас, у месца сустрэчы”, - заўважыў ён, падкрэсліваючы, што цяпер Міжземнамор’е пазначана геапалітычнай напружанасцю і міграцыяй, а вырашэнне гэтых праблем патрабуе мультылатэральнага падыходу.

Ватыканскі іерарх перакананы, што падчас свайго падарожжа Папа звернецца да ўсёй Еўропы, заклікаючы яе нанава адкрыць свае карані і адзінства, якое важна захаваць нягледзячы на адметнасць позіркаў. У той жа час ён будзе прамаўляць да ўсяго чалавецтва, бо “праблема міграцыі ставіць пад пытанне нашу чалавечнасць”, - сказаў кардынал П’етра Паралін.
 

02 снежня 2021, 10:25