Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (REUTERS)

Святы Пасад на COP26: яшчэ трэба зрабіць шмат для захавання клімату

Апостальская Сталіца абнародавала дэкларацыю па выніках 26-й Канферэнцыі бакоў Рамачнай канвенцыі ААН аб зменах клімату (COP26), якая 1-12 лістапада 2021 г. праходзіла ў Глазга.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Дэлегацыя Святога Пасаду выказала ўдзельнікам COP26 заклапочанасць папы Францішка за наш супольны дом, паказаўшы чалавечае аблічча кліматычнага крызісу, яго ўплыў на самых бедных і на тых, хто найменш паўплываў на яго ўзнікненне”, - гаворыцца ў ватыканскім паведамленні.

У дэкларацыі называюцца “шматабяцальнымі” і “неабходнымі для выжывання найбольш уразлівых грамадстваў” тыя “амбіцыйныя абавязацельствы, якія дзяржавы ўзялі на сябе з мэтай абмежавання росту сярэдняй глабальнай тэмпературы на 1,5°C у параўнанні з даіндустрыяльным узроўнем і прадстаўлення фінансавых рэсурсаў для рэалізацыі гэтага”.

“Дэлегацыя Святога Пасада высока цэніць абавязкі, якія дзяржавы ўзялі на сябе. Нават, калі можна зрабіць больш, важна быць вельмі актыўнымі ў пошуку эфектыўных спосабаў для рэалізацыі гэтых намераў”, - адзначаецца ў дакуменце.

Падкрэсліваецца, што ў ходзе COP26 сталі бачныя некаторыя “прабелы” у тым, што тычыцца “змякчэння наступстваў, адаптацыі і фінансавання” рэалізацыі рашэнняў, прынятых на Парыжскай канферэнцыі па клімаце. У сувязі з гэтым Апостальская Сталіца заклікае “умацаваць і абнавіць” рэсурсы, неабходныя для пераадолення гэтых “прабелаў” і распрацаваць выразныя “дарожныя карты”, якія дапамогуць дзяржавам рэалізаваць абавязкі, узятыя на сябе.

У дакуменце ўзгадваецца сумесны заклік рэлігійных лідараў і навукоўцаў, скіраваны 4 кастрычніка 2021 г. у Ватыкане, у якім звяртаецца ўвага на цяжкасці супольнасцей, найбольш уразлівых да кліматычных зменаў і прыводзяцца словы Папы пра “экалагічных доўг” і “салідарнасць, якая з’яўляецца абавязкам індустрыялізаваных краін перад беднымі”.

Ватыканская дэлегацыя выказала пажаданне, каб рашэнні COP26 натхняліся сапраўдным пачуццём адказнасці перад сучаснымі і будучымі пакаленнямі, а таксама за клопатам аб нашым супольным доме, і каб яны маглі па-сапраўднаму адказаць на “крык Зямлі і бедных”. “Час прамінае і гэта магчымасць не павінна быць змарнавана”, - нагадваюцца ў дэкларацыі словы Папы з паслання да шатландскіх біскупаў.
 

12 лістапада 2021, 10:23