Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад пра праблемы з правамі чалавека ў рыбалоўным сектары

З нагоды Сусветнага дня рыбалоўства ў штаб-кватэры Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН прайшла міжнародная канферэнцыя, у арганізацыі якой паўдзельнічаў Святы Пасад.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Форум арганізавалі для прыцягнення ўвагі міжнароднай супольнасці да праблем і цяжкасцей, якія тычацца рыбалоўнага сектара. На ім выступіў кс. Ферданда Чыка Арэлана, пастаянны прадстаўнік Святога Пасаду пры ФАО, Міжнародным фондзе сельскагаспадарчага развіцця (IFAD) і Сусветнай харчовай праграме (WFP).

Дыпламат адзначыў, што ў згаданым сектары прыкладаюцца намаганні па эканамічным, экалагічным і сацыяльным пераўтварэнні. Дасягнуты прагрэс у зніжэнні забруджвання мора, прасоўванні эканомікі завершанага цыкла і дэкарбанізацыі. Рэалізуюцца праграмы, якія спрыяюць занятасці моладзі і жанчын на борце рыбалоўных суднаў, павышэнню кваліфікацыі і паляпшэнню ўмоў жыцця экіпажа.

Аднак, нягледзячы на значны прагрэс, існуе шэраг праблем. Сітуацыя рыбакоў і іх сем'яў значна пагоршылася з пачатку пандэміі. Многія рыбалоўныя судны затрымаліся ў партах, знізіўся попыт на рыбу і гандаль.

Сур'ёзнай праблемай галіны застаецца парушэнне правоў чалавека. Некаторыя суднаўладальнікі зніжаюць заробкі супрацоўнікам, падаўжаюць працоўны час без выплаты звышурочных, перашкаджаюць рыбакам арганізоўвацца і ўступаць у прафсаюзы, каб абараніць сябе ад эксплуатацыі.

Прадстаўнік Святога Пасаду выказаў удзячнасць сектару няўрадавых арганізацый, якія спрыяюць выяўленню ахвяр эксплуатацыі ў свеце рыбалоўства. Ім удалося сабраць шмат сведчанняў аб велізарнай жорсткасці, якую зведалі рыбакі за доўгія месяцы працы ў адкрытым моры. Таму важна аб’яднаць намаганні арганізацый, уладаў і людзей добрай волі для абнаўлення рыбалоўнага сектара ў кірунку павагі да чалавечай годнасці і захавання планеты.

Кс. Арэлана запэўніў, што Святы Пасад і структуры Каталіцкага Касцёла салідарныя з тымі, хто робіць усё магчымае для гарантавання здароўя Сусветнага акіяна, аховы марскіх рэсурсаў і садзейнічання работнікам сектара рыбалоўства, абароны іх сем'яў і тых, хто пакутуе ад эксплуатацыі на працы.
 

23 лістапада 2021, 11:58