Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Папская рада па культуры збірае даследчыкаў творчасці Дантэ

25-26 лістапада 2021 г. у рымскім універсітэце Roma Tre адбудзецца міжнародная канферэнцыя на тэму “Дантэ і вялікія эсхаталагічныя пытанні”, ініцыятарам якой выступіла Папская рада па культуры.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

У форуме, арганізаваным з нагоды 700-годдзя з дня смерці Дантэ Аліг’еры, прымуць удзел вучоныя з розных краін свету, вядомыя навуковай супольнасці сваімі грунтоўнымі даследаваннямі ў галіне філасофіі, тэалогіі, экзегетыкі, гісторыі, гісторыі мастацтва, лінгвістыкі і філалогіі.

Канферэнцыя будзе падзелена на тры сесіі, накіраваныя на асвятленне трох тэм, прысутных у старажытнай традыцыі, у якой творчасць Дантэ бярэ свае карані: боганатхнёнага бачання, уваскрашэння памерлых напрыканцы часоў і анёлалогіі. У перапынках паміж навуковымі дыскусіямі акцёры рымскага Teatro Libero di Rebibbia прачытаюць некаторыя ўрыўкі “Боскай камедыі” геніяльнага італьянца.

Канферэнцыя была арганізавана Папскай радай па культуры ў супрацоўніцтве з рымскім універсітэтам Roma Tre, Папскай навуковай камісіяй па святкаванні 700-годдзя з дня смерці Дантэ Аліг’еры, Фондам па ахове касцёльнай спадчыны і падтрымцы яго культурнай і мастацкай дзейнасці і Фондам імя Джанкарла Палавічыні.
 

22 лістапада 2021, 10:29