Пошук

Vatican News
2020.04.20 Biblioteca Apostolica Vaticana - BAV 2020.04.20 Biblioteca Apostolica Vaticana - BAV 

Францішак адкрые выставачную залу Ватыканскай бібліятэкі

5 лістапада 2021 г. Святы Айцец урачыста адкрые экспазіцыйную залу, створаную ў Ватыканскай апостальскай бібліятэцы, і наведае першую выставу, якая пройдзе ў гэтым гістарычным месцы.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Ватыканская Апостальская бібліятэка адкрывае новую экспазіцыйную залу, каб падтрымаць культуру сустрэчы. Наша заданне – умацаваць культурную ролю Ватыкана ў сучаснасці”, - патлумачыў мэту праекта кардынал Жазэ Таленціна Мэндонса, Архіварыус Ватыканскага апостальскага архіва і Бібліятэкар Святога Рымскага Касцёла.

Пастаянная экспазіцыйная зала была створана пры фінансавай падтрымцы нашчадкаў амерыканскага прадпрымальніка і філантропа армянскага паходжання Кірка Керкарана.

Першая выстава, арганізаваная ў новай экспазіцыйнай прасторы, называецца “Усе. Чалавецтва ў дарозе”. Натхнёная энцыклікай Францішка Fratelli tutti, яна знаёміць з вялікай калекцыяй картаў: ад старажытных геаграфічных, са сховішчаў Ватыканскай апостальскай бібліятэкі, да сучасных, алегарычных і ўтапічных, створаных італьянскім мастаком П’етра Руфі.

“Тэмай выставы з’яўляецца “негеаграфічная картаграфія”. На працягу сваёй гісторыі чалавек выкарыстоўваў рэпрэзентатыўную схему карты не толькі для апісання аб’ектаў Зямлі, але таксама свайго ўнутранага свету, ідэалаў, падарожжаў, адкрыццяў і перакананняў”, - патлумачыў кс. Джакама Кардыналі куратар выставачнай залы. “Наведвальнікі знойдуць тут алегарычныя, тэалагічныя, сатырычныя і сентыментальныя карты. Карты жаданняў і пратэстаў, мар і адчаю чалавека”, - дадаў святар.

Выстава “Усе. Чалавецтва ў дарозе” будзе дзейнічаць да 25 лютага 2022 г. Яна даступна для наведвальнікаў кожны аўторак і сераду з 16.00 да 18.00 пры ўмове абавязковай папярэдняй рэгістрацыі на сайце Ватыканскай апостальскай бібліятэкі.
 

04 лістапада 2021, 10:02