Пошук

Бэнэдыкт XVI Бэнэдыкт XVI  

Бэнэдыкт XVI ужо 65 гадоў звязаны з нямецкім выдавецтвам Herder

65 гадоў таму Бэнэдыкт XVI падпісаў свой першы кантракт з нямецкім Herder Verlag. Такім чынам 94-гадовы тэолаг стаў самым пажылым жывым аўтарам выдавецтва.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Каб павіншаваць пісьменніка з “жалезным юбілеем”, кіраўнік аўтарытэтнага выдавецкага дома Мануэль Хэрдэр наведаў Папу-эмерыта ў Ватыкане.

Кантракт, які тады 29-гадовы кс. Ёзэф Ратцынгер падпісаў 8 лістапада 1956 г., датычыўся супрацоўніцтва над выданнем Das Lexikon für Theologie und Kirche (Лексікон тэалогіі і Касцёла). За апошнія 65 гадоў Herder апублікавала больш за 60 прац тэолага, якія пазней з'явіліся ў шматлікіх перакладах і вялікімі тыражамі па ўсім свеце.

“Яго творы пакінулі след у нашым выдавецтве. Даступнасць яго тэкстаў дае інтэлектуальнае натхненне і духоўную глыбіню”, - такімі словамі ацаніў Хэрдэр працу Бэнэдыкта XVI. Падчас візіту выдавец перадаў Папу-эмерыту тэалагічныя працы, якія нядаўна выйшлі ў Herder. “Ён засмяяўся, павесялеў і сказаў: “Калі ты прынёс столькі кніг, то павінен таксама даць мне час іх прачытаць”, - падзяліўся пасля сустрэчы кіраўнік выдавецтва.

Бэнэдыкт XVI таксама быў рады атрымаць копію першага выдавецкага кантракту. “У навуковым плане 1956 г. быў для яго шмат у чым цікавы. Пазней, вядома, пераломным стаў час Другога Ватыканскага Сабору”, - адзначыў Хэрдэр.

У 1953 г. кс. Ёзэф Ратцынгер атрымаў ступень доктара філасофіі з дысертацыяй пад назвай Народ і Божы дом у вучэнні св. Аўгустына аб Касцёле і стаў выкладчыкам дагматыкі і фундаментальнай тэалогіі ў Фрайзінгу. Праз чатыры гады атрымаў габілітацыю на падставе дысертацыі пад назвай Тэалогія гісторыі ў св. Банавентуры і стаў прафесарам калегіума ў Фрайзінгу. Затым ён выкладаў спачатку ў Боне (1959-1963), затым у Мюнстэры (1963-1966), у Цюбінгене (1966-1969) і ў Рэгенсбургу (1969-77).

У 1962-65 гг. падчас Другога Ватыканскага Сабору кс. Ратцынгер быў тэалагічным дарадцам кард. Ёзэфа Фрынгса, арцыбіскупа Кёльнскага і старшыні нямецкага епіскапату. Ён працаваў над канчатковай рэдакцыяй самых важных дакументаў Сабора. Пазней займаў важныя пасады ў нямецкім епіскапаце і ў Міжнароднай тэалагічнай камісіі ў Ватыкане. Увесь гэты час ён быў цесна звязаны з выдавецтвам Herder Verlag.
 

16 лістапада 2021, 11:41