Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: штучны інтэлект ставіць шмат этычных выклікаў

21 кастрычніка 2021 г. у Ватыкане збяруцца міжнародныя эксперты ў сферы этыкі, культуры і тэхналогій, каб разам паразважаць пра выклікі, якія ставіць перад чалавецтвам развіццё штучнага інтэлекту.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Шматдысцыплінарны падыход з’яўляецца неад’емным у рэфлексіі над гэтай тэмай, - падкрэсліў напярэдадні форума біскуп Пол Тай, старшыня Папскай рады па культуры. “Новыя праблемы патрабуюць новых рашэнняў”, - нагадаў ён словы Святога Айца, адзначаючы, што развіццё сучасных тэхналогій ставіць шмат этычных пытанняў.

Ватыканскі іерарх зазначыў, што мэта сімпозіума не заключаецца ў тым, каб “вырашыць праблему ці прыйсці да канчатковых рашэнняў”, але ў тым, каб спрыяць дыялогу, уключаючы ў яго экспертаў у розных дысцыплінах з мэтай узбагачэння нашага разумення самых фундаментальных праблем. У прыватнасці гаворка будзе ісці пра ўплыў штучнага інтэлекту на змены ў грамадстве і сферу працы.

“Мы ведаем, што праца, гэта не проста месца, куды мы прыходзім, каб зарабляць грошы, але прастора сацыялізацыі і выражэння нашай чалавечай годнасці. У сваю чаргу, з прыйсцем штучнага інтэлекту ўзнікае праблема новых форм беспрацоўя. З’яўляецца фактам тое, што штучны інтэлект можа павялічваць няроўнасць у свеце. Рызыка заключаецца ў тым, што людзей, якія кантралююць тэхналагічныя сродкі вытворчасці, будзе станавіцца ўсё менш і менш, у той час як беспрацоўных будзе заўсёды больш”, - дадаў біскуп Тай.

На яго думку, каб не дапусціць рост няроўнасці, выкліканы выкарыстаннем штучнага інтэлекту, патрэбна супрацоўніцтва і дыялог паміж навукоўцамі, экспертамі ў тэхналогіях, філосафамі, тэолагамі. “Неабходна глядзець на патэнцыял, але таксама ацаніць рызыкі, звязаныя ў развіццём штучнага інтэлекту”, - падкрэсліў сакратар Папскай рады па культуры.
 

20 кастрычніка 2021, 11:09