Пошук

Vatican News
Катакомбы. Ілюстрацыйнае фота Катакомбы. Ілюстрацыйнае фота 

Ватыкан: навукоўцы абмяркуюць раннюю гісторыю Касцёла

Гісторыя Касцёла ў першыя два стагоддзі пасля Хрыста будзе тэмай міжнароднай навуковай канферэнцыі, якая пройдзе з 27 па 29 кастрычніка 2021 г. у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Абагульніць і прааналізаваць элементы гісторыі ў святле новых ведаў – такой з’яўляецца мэта форума, які прадставіў 26 кастрычніка 2021 г. у Зале Друку Апостальскай Сталіцы старшыня Папскага камітэта гістарычных навук а. Бэрнар Ардура.

Навукоўцы засяродзяць сваю ўвагу на распаўсюджванні хрысціянства ў перыяды гісторыі, калі зерне Евангелля прарастала, у тым ліку, дзякуючы крыві мучанікаў. У святле новых гістарычных дадзеных важна ўстанавіць, што было дакладна, а што магло быць толькі імаверна, - дадаў а. Ардура.

“Вядома, што мы не прыйдзем да дакладных высноваў”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што форум стане магчымасцю для таго, каб даследчыкі маглі падзяліцца сваімі апошнімі дасягненнямі. Канферэнцыя стане адказам на заклік папы Францішак да супрацоўніцтва паміж спецыялістамі ў розных галінах навук, рознага культурнага паходжання і розных гістарыяграфічных падыходаў.

“Ёсць тэмы, якія мы павінны прааналізаваць глыбей. Напрыклад мы маем новыя археалагічныя адкрыцці. Мы маем таксама новыя даследаванні літаратурных тэкстаў, якія дагэтуль не былі шырока прадстаўлены”, - дадаў ватыканскі гісторык. На яго думку, гэта можа таксама дапамагчы стварыць больш поўнае ўяўленне аб распаўсюджванні хрысціянства, аб дзейнасці першых місіянераў, аб першых сустрэчах з Евангеллем у краінах, якія сёння з’яўляюцца хрысціянскімі.

Канферэнцыя арганізавана Папскім камітэтам гістарычных навук у супрацоўніцтве з Ліёнскім каталіцкім універсітэтам. У ёй будуць браць удзел даследчыкі з Італіі, Францыі, Іспаніі, Германіі, Швейцарыі, ЗША, Індыі і Ірана.
 

27 кастрычніка 2021, 11:27