Пошук

 Партрэт Фёдара Дастаеўскага ў Ватыканскіх музеях Партрэт Фёдара Дастаеўскага ў Ватыканскіх музеях 

У Ватыкане адбылася прэзентацыя выдання пра Дастаеўскага

Прайшла ватыканская прэзентацыі італьянскага выдання зборніку лістоў Уладзіміра Салаўёва на тэму рускага пісьменніка і філосафа Фёдара Дастаеўскага.

Ян Глінскі - Vatican News

“Героі Дастаеўскага – гэта штосьці большае, чым толькі геніяльная мастацкая і літаратурная творчасць. Учора і сёння яны сведчаць аб прыгажосці і магутнай моцы хрысціянскай веры: веры пакрыўджаных і прыніжаных, адкінутых і пераследаваных – так званых найгоршых, тых, якія пазналі бездань дабра і зла”, - сказаў кардынал П’етра Паралін, выступаючы перад прысутнымі на культурным мерапрыемстве.

Дзяржсакратар нагадаў, што Францішак часта спасылаецца на Дастаеўскага – пісьменніка, які, на думку Папы, “змог глыбока прачытаць чалавечую душу” і паказаў “моц адзінай сапраўднай любові, любові Хрыста, якая дае параненаму чалавецтву тое, што яму патрэбна”.

У прэзентацыі італьянскага выдання кнігі Салаўёва прымаў удзел прадстаўнік Маскоўскага Патрыярхату Мітрапаліт Іларыён.

Праваслаўны іерарх падкрэсліў выключны характар Дастаеўскага на фоне рускай літаратуры. “Іншыя пісьменнікі звычайна займаліся вышэйшымі сферамі грамадства, а Дастаеўскі цікавіўся тымі, хто знаходзіўся на самым дне грамадскай іерархіі. Ён даследаваў сутнасць чалавека і адначасова асобу Хрыста і жыццё Царквы. Ён быў адзіным рускім пісьменнікам, які прызнаў у сваім сэрцы Пана Езуса”, - адзначыў праваслаўны іерарх.

Ён нагадаў таксама, што падчас чатырохгадовай ссылкі пісьменніка ў Сібір яго адзінай кнігай было Евангелле. Гэта там ён блізка пазнаў злачынцаў, гісторыі якіх потым апісаў у сваіх аповесцях. “Ён ведаў народ, бо жыў з ім, асабліва падчас ссылкі”, - дадаў Мітрапаліт Валакаламскі.
 

08 кастрычніка 2021, 12:09