Пошук

Vatican News
Кард. Марчэла Сэмерара Кард. Марчэла Сэмерара  (Vatican Media)

Папраўкі да Палажэнняў аб пастулятарах працэсаў беатыфікацыі

11 кастрычніка 2021 г., у 59-ю гадавіну пачатку Другога Ватыканскага Сабора, уступілі ў сілу Папраўкі да Палажэнняў аб пастулятарах працэсаў беатыфікацыі. Падзею пракаментаваў кард. Марчэла Сэмерара.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Абмежаванне колькасці спраў, якімі можа займацца адзін пастулятар на іх рымскім этапе, да 30 і пазбаўленне кардыналаў, біскупаў і службовых асоб Кангрэгацыі па справах кананізацыі магчымасці быць пастулятарамі – дзве самыя значныя навінкі Палажэнняў.

Прэфект Кангрэгацыі па справах кананізацыі, кард. Марчэла Семерара растлумачыў, што ідэя публікацыі дакумента нарадзілася ў самой дыкастэрыі з упэўненасці ў яго карыснасці, бо спасылкі на пастулятараў утрымліваюцца ў розных прававых нормах, якія тычацца пытанняў афіцыйнага пацвярджэння святасці канкрэтных асоб.

На думку кардынала-прэфекта, ідэальны пастулятар прымае і выконвае ўскладзеныя на яго абавязкі ў духу служэння, якое рэалізуецца ў Касцёле на карысць вернікаў. Іерарх нагадаў, што ў сваім звароце да Кангрэгацыі 12 снежня 2019 г. Францішак падкрэсліў, што пастулятары павінны выхоўваць усведамленне таго, што пытанні, якімі яны займаюцца, – гэта "духоўная, а не толькі працэдурная рэчаіснасць".

"У гэтым кантэксце я хацеў бы падкрэсліць, што яшчэ да афіцыйнага пачатку справы аб гераічнасці цнотаў, мучаніцтве ці дары жыцця пастулятар павінен звярнуць асаблівую і адпаведную ўвагу на праверку наяўнасці сапраўднага, пастаяннага і распаўсюджанага меркавання аб святасці і знаках кандыдата да славы алтароў", - заявіў кард. Сэмерара ў інтэрв’ю Vatican News.

У заключэнне ён падкрэсліў важнасць і далікатнасць служэння пастулятара, дадаўшы, што калі гэтыя людзі бяруцца за выкананне сваіх задач з належнай сур'ёзнасцю і ў духу Касцёла, яны могуць зрабіць шмат на карысць справы, якую вядуць, і Касцёла.
 

17 кастрычніка 2021, 11:25