Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: свецкія павінны больш актыўна вывучаць тэалогію

Мы павінны імкнуцца да таго, каб як мага больш свецкіх людзей атрымлівалі доступ да тэалагічных даследаванняў, - мяркуе прэфект Кангрэгацыі Веравучэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв'ю парталу Ecclesia кард. Луіс Ладарыя Фэрэр падкрэсліў, што тэалагічныя даследаванні заўсёды заставаліся важнымі, але ў мінулым яны, здавалася, былі зарэзерваваны выключна для кандыдатаў у святары. Сёння, дзякуй Богу, на нашых тэалагічных факультэтах вельмі шмат свецкіх, як мужчын, так і жанчын, адзначыў ён.

Іерарх станоўча ацэньвае стан сучаснай тэалогіі. Яго Кангрэгацыі не часта даводзіцца выкарыстоўваць санкцыі супраць тэолагаў. Ёсць адзінкавыя выпадкі, але большасць з іх застаюцца вернымі вучэнню Касцёла і паслядоўнымі ў рэалізацыі думкі Другога Ватыканскага Сабора. Іспанскі кардынал заўважыў, што тэалогія павінна быць сімфанічнай, у ёй павінны прысутнічаць розныя галасы.

У інтэрв’ю прэфект Кангрэгацыі Веравучэння спаслаўся на адносіны з лефебрыстамі, бо пасля ліквідацыі Камісіі Ecclesia Dei менавіта ў кампетэнцыю яго Кангрэгацыі перайшоў дактрынальны дыялог з Брацтвам св. Пія X. Іерарх прызнаў, што на дадзены момант гэты дыялог стаіць на месцы, доўгі час тут не было прагрэсу. Ён заклікаў прасіць Бога аб адкрыцці шляху да больш поўнага адзінства, паколькі члены Брацтва “не аддзелены ад Касцёла, але іх адзінства на дадзены момант не дасканалае”.
 

12 кастрычніка 2021, 11:35