Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Батлейка з перуанскіх Анд аздобіць ватыканскую плошчу св. Пятра

28 кастрычніка 2021. Губернатарат Дзяржавы Ватыкан паведаміў, што калядная батлейка сёлета прыбудзе на плошчу св. Пятра з Перу, а святочная яліна – з паўночнаітальянскага рэгіёна Трэнціна.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Батлейка будзе ўключаць у сабе больш за 30 фігур, зробленых у натуральную велічыню з керамікі, агавы і шкловалакна. Статуі Дзіцятка Езуса, Панны Марыі, св. Юзафа, мудрацоў і пастухоў будуць апрануты ў традыцыйныя строі, уласцівыя жыхарам невялікага горнага паселішча Чопка, якое знаходзіцца на вышыні каля 4000 метраў над узроўнем мора ў рэгіёне Уанкавеліка ў Цэнтральнай частцы Перу, адкуль і будуць дастаўлены ў Ватыкан.

“Перуанская батлейка жадае нагадаць пра 200-годдзе незалежнасці Перу, паказваючы фрагмент жыцця народаў Анд і сімвалізуючы ўсеагульны заклік да збаўлення, таму што Божы Сын уцелавіўся дзеля збаўлення ўсіх людзей на зямлі, незалежна ад мовы, народнасці, культуры і нацыянальнасці, да якой яны прыналежаць”, - гаворыцца ў паведамленні Губернатарата Дзяржавы Ватыкан.

Дзіцятка Езус будзе мець выгляд немаўляці з карэнных народаў Перу, загорнутага ў традыцыйную коўдру і перавязанага “чумпі” – перуанскім плеценым пасам. Тры мудрацы будуць мець з сабой тканыя торбы з мясцовымі прадуктамі, такімі якія бульба, кіноа, ківіча і каніхуа, а суправаджаць іх будуць ламы, спіны якіх будуць упрыгожаны перуанскімі сцягамі. Аб нараджэнні Збаўцы будзе абвяшчаць анёл-дзіцятка, граючы на традыцыйным індзейскім горне. У святочнай батлейцы будуць размешчаны таксама фігуры розных жывёлаў, якія належаць да мясцовай фауны, такія як альпака, вікунья, авечкі, віскашы, парыхуаны і андскі кондар – нацыянальны сімвал Перу.

Калядная яліна вышынёй 28 метраў на плошчу св. Пятра сёлета будзе дастаўлена з Даламітавых Альпаў – з прыроднага заказніка ў ваколіцах мястэчка Андала, якое знаходзіцца ў паўночнаітальянскім рэгіёне Трэнціна. Дэлегацыя з Трэнціна таксама аздобіць яе драўлянымі сферычнымі ўпрыгожваннямі. У сваю чаргу Губернатарата Ватыкана, як звычайна, паклапоціцца пра ілюмінацыю святочнага дрэва святлодыёднай сістэмай з нізкім узроўнем спажывання энергіі.

Паведамляецца, што батлейка для ватыканскай Залы Паўла VI, у якой праходзяць папскія аўдыенцыі, падрыхтуе італьянская моладзь з парафіі св. Барталамея, апостала, якая знаходзіцца ў невялікім мястэчку Галіа ў Падуанскай дыяцэзіі. Яна будзе выканана ў традыцыйным для гэтага рэгіёну вясковым стыле.

Афіцыйнае адкрыццё батлейкі і ўключэнне лямпачак на святочнай ялінцы адбудзецца на плошчы св. Пятра вечарам 10 снежня 2021 г. Узначаліць цырымонію арцыбіскуп Фернанда Вергес Альсага, старшыня Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан і старшыня Губернатарата. Перад гэтым, раніцай, Святы Айцец прыме на аўдыенцыі дэлегацыі з Уанкавелікі, Андала і Галіа.
 

28 кастрычніка 2021, 12:01