Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Бэнэдыкт XVI: чалавек больш не нараджаецца, а трансфармуецца

Канцэпцыя "аднаполых шлюбаў" супярэчыць усім чарговым культурам і таму ўяўляе сабой культурную рэвалюцыю, якая кідае выклік усёй папярэдняй традыцыі чалавецтва, - лічыць Бэнэдыкт XVI.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У італьянскіх кнігарнях 16 верасня 2021 г. з’явіўся том La Vera Europa. Identità e Missione (Сапраўдная Еўропа. Ідэнтычнасць і місія), у які ўвайшоў раней неапублікаваны артыкул Папы-эмерыта. Уступ да кнігі напісаў Францішак. Тэкст пад назвай "Аддаваць справядлівасць Богу адносна даручанай нам справы на карысць чалавецтва" быў перададзены для публікацыі Бэнэдыктам XVI у красавіку 2021 г.

Аўтар звярнуў увагу на тое, што тэма сужэнства і сям'і ўвайшла ў новае вымярэнне, якое, безумоўна, нельга ігнараваць. Мы з’яўляемся сведкамі дэфармацыі сумлення, працэсу, які глыбока пранік у розныя пласты каталіцкага народа. На працягу стагоддзяў у культурах ніколі не ставіўся пад сумнеў факт, “што існаванне чалавека – як мужчыны і жанчыны – скіравана да працягу роду” і што “супольнасць мужчыны і жанчыны і адкрытасць да перадачы жыцця вызначаюць сутнасць таго, што называецца сужэнствам”.

Па словах Бэнэдыкта XVI, пераломным момантам у сучасным свеце стаў час, калі пачалі ўжываць супрацьзачаткавыя таблеткі: калі "ў прынцыпе стала магчымым раздзяліць фертыльнасць і сексуальнасць". Гэта падзея змяніла сумленне людзей, прыраўняўшы розныя формы сексуальнасці і адкрыўшы такім чынам шлях да плоднасці без сексуальнасці, і, адпаведна, да "рацыянальнага стварэння чалавека".

Папа-эмерыт заклікаў стварыць штосьці на падабенства руху на карысць "экалогіі чалавека", які б абараняў "чалавечую прыроду", які б прызнаў, што чалавечая прырода "задае меру, якую мы не можам беспакарана ігнараваць", што яе парушэнне або адмаўленне прыводзіць да самазнішчэння. З такой сітуацыяй мы маем справу ў выпадку канцэпцыі "аднаполых шлюбаў", дзе грэбуюць фактам стварэння чалавека мужчынам і жанчынай.

На думку Бэнэдыкта XVI, у спробах адарваць пракрэацыю ад сужэнскага акту жанчыны і мужчыны можна ўбачыць сувязь са схільнасцю да самагубства як запланаванага канца свайго жыцця. Ён падкрэсліў, што ў рэшце рэшт "або чалавек – стварэнне Божае, вобраз Божы, дар Божы, або ён – прадукт, які можа стварыць самога сябе".

"Калі хтосьці адмаўляецца ад ідэі стварэння, адмаўляецца ад велічы чалавека, адмаўляецца ад таго, што ім нельга распараджацца (...). Мы назіраем працэс, у якім людзі больш не нараджаюцца і зачынаюцца, а трансфармуюцца”, - папярэдзіў Папа-эмерыт.
 

16 верасня 2021, 11:24