Пошук

Кс. Бруно-Мары Дзюфэ Кс. Бруно-Мары Дзюфэ 

Былы сакратар ватыканска дыкастэрыі падсумаваў сваю дзейнасць

Сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека падсумаваў чатыры гады служэння ў структуры і звярнуў увагу на неабходнасць стварэння новай сусветнай мадэлі развіцця.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У ліпені 2021 г. мансеньёр Бруно-Мары Дзюфэ, святар Ліёнскай дыяцэзіі ў Францыі, развітаўся з калектывам Дыкастэрыі. Падводзячы вынікі дзейнасці, якая пачалася з папскага прызначэння ў чэрвені 2017 г., святар адзначыў важнасць "мірнага суіснавання і ўзаемнага прыняцця". Асноўныя праблемы, на якія ён звяртаў увагу ў працы, – сфера аховы здароўя, улічваючы цяперашнюю пандэмію, і клопат пра навакольнае асяроддзе, пытанне, паводле яго, сацыяльнае. Дзюфэ нагадаў заклік Францішка выбудаваць новы метад адносін, заснаваны на ўзаемным прызнанні і прыняцці.

Спасылаючыся на цяперашні крызіс, які патрабуе перагляду мадэляў развіцця і ўзаемадзеяння, святар звярнуў увагу на важнасць калектыўнай і асабістай памяці. Гаворка ідзе не пра вяртанне ў мінулае, а пра перагляд каштоўнасцей, пачынаючы, напрыклад, з разумення "меж" і "рытму". Усе мы жывём у напружаным тэмпе, пастаянна ўключаемся ў праекты і зносіны, таму тут важна думаць пра мяжу, інакш гэта пагражае знясіленнем.

У сваім інтэрв'ю Vatican News ужо былы сакратар па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека закрануў і рэформу, якую праводзіць цяперашні Пантыфік. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе не столькі пра структурныя, адміністрацыйныя ці нарматыўныя змены, колькі пра "рэформу з пункту гледжання дынамікі місіі і прысутнасці Касцёла ў сучасным свеце". "Гэта пытанне адкрыцця шляху, перспектыў для ахрышчаных быць членамі місіі", - лічыць ён. “Мы – Касцёл, пакліканы прапаноўваць прысутнасць, уважлівасць, дабрыню і клопат пра людзей. І ў гэтым сэнс рэформы”, - падкрэсліў мансеньёр Бруно-Мары Дзюфэ.
 

12 жніўня 2021, 11:56