Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Osservatore: адказ на незадаволенасць рабінаў словамі Папы

“Юдэі і хрысціяне прызнаюць, што выключна знешні закон не можа змяніць нас без ачышчальнага і пераўтваральнага дзеяння Бога”, - напісаў у L'Osservatore Romano арцыбіскуп Віктар Мануэль Фернандэс.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Арцыбіскуп Ла-Плата і былы рэктар Каталіцкага ўніверсітэта Аргентыны даўно з’яўляецца блізкім паплечнікам Францішка. Ён ускосна адказаў на абвінавачванні Галоўнага рабінату Ізраіля адносна папскай катэхезы 11 жніўня 2021 г. аб адносінах паміж Маісеевым законам і Божай ласкай. Старшыня Камісіі Галоўнага рабінату Ізраіля па дыялогу са Святым Пасадам, рабін Расан Арусі, заявіў, што папскі каментар, здаецца, сведчаць аб тым, што юдэйскі Закон больш не актуальны.

Іерарх падкрэсліў, што словы Пантыфіка, узятыя ад св. Паўла, адлюстроўваюць глыбокія перакананні некаторых яўрэйскіх традыцый. Для юдэяў збаўленне прыходзіць ад захавання Закона, але з Божай дапамогай. Эмуна – стаўленне даверу да Яхвэ, якое грунтуецца на падпарадкаванні Закону, – гэта сэрца Торы. У юдаізме няма самадастатковасці ў адносінах да Бога. Адзін толькі знешні Закон без ачышчальнага дзеяння Бога не можа змяніць чалавека ні для юдэяў, ні для хрысціян.

Аргентынскі тэолаг адзначыў: “калі хто-небудзь скажа, што мы атрымліваем апраўданне самастойна, выконваючы Закон, без Божай дапамогі, ён упадзе ў найгоршае ідалапаклонства, якое грунтуецца на пакланенні сабе". Ён нагадаў, што "некаторыя тэксты Старога Запавету і многія пазабіблейскія яўрэйскія тэксты выяўлялі рэлігійнасць, заснаваную на даверы да Божай любові і заахвочвалі выконваць закон, які ажыўляецца ў глыбіні сэрца дзеяннем Бога".

Арцыбіскуп Фернандэс адзначыў, што "юдэйскія традыцыі таксама прызнаюць, што для поўнага выканання Закона неабходна перамена сэрца".

Блізкі паплечнік Францішка дадаў, што згодна з аналізам тэалогіі св. Паўла на тэму новага Закону, праведзеным св. Аўгустынам і св. Тамашам, марнасць знешняга права без Божай дапамогі – гэта не толькі рыса юдэйскага Закона, але і запаведзяў, якія пакінуў нам сам Езус.
 

31 жніўня 2021, 11:09