Пошук

 Кард. Бэньяміна Стэле Кард. Бэньяміна Стэле  

Кардыналу Стэле споўнілася 80 гадоў – 122 выбаршчыкі

18 жніўня 2021 г. былому дыпламату і прэфекту-эмерыту Кангрэгацыі па справах духавенства, кард. Бэньяміна Стэле споўнілася 80 гадоў – ён страціў права ўдзельнічаць у будучым канклаве.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Юбіляр паходзіць з П'евэ-дзі-Саліга, на паўночным усходзе Італіі, у дыяцэзіі Віторыа Вэнэта.

Стэла пачаў служэнне ў дыпламатычнай службе Святога Пасаду ў лютым 1970 г. Спачатку працаваў у нунцыятуры ў Санта-Дамінга – сталіцы Дамініканскай Рэспублікі, адкуль праз тры гады пераехаў у Кіншасу – сталіцу тагачаснага Заіра (сёння Дэмакратычная Рэспубліка Конга). У 1976 г. вярнуўся ў Ватыкан, у Раду па грамадскіх справах Касцёла (цяпер Секцыя па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыята Святога Пасаду), дзе быў блізкім паплечнікам Дзяржсакратара, арцыбіскупа Агасціна Казаролі і намесніка сакратара, арцыбіскупа Акіле Сільвестрыні. Праз два гады ён зноў з'ехаў за мяжу, на гэты раз на Мальту, дзе да 1983 г. заставаўся часовым павераным. З 1983 г. ён зноў працаваў у Радзе па грамадскіх справах Касцёла, дзе займаўся, у прыватнасці, пытаннямі Лацінскай Амерыкі.

У жніўні 1987 г. Ян Павел II прызначыў яго Апостальскім нунцыем у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы, Конга і Чадзе. Падчас сваёй 5-гадовай службы ў гэтых краінах дыпламат азнаёміўся з імі грунтоўна, Святы Пасад устанавіў дыпламатычныя адносіны з Чадам, які Папа наведаў у 1990 г. У снежні 1992 г. арцыбіскуп Стэла быў прызначаны нунцыем на Кубе і прыняў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні гістарычнага візіту Святога Айца ў гэтую краіну ў студзені 1998 г. У лютым 1999 г. Папа перавёў іерарха ў Калумбію, дзе ён правёў восем гадоў.

У кастрычніку 2007 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў вопытнага дыпламата рэктарам Папскай касцёльнай акадэміі, "кузні" дыпламатычных кадраў Святога Пасаду. Арцыбіскуп Стэла займаў пасаду амаль шэсць гадоў – да верасня 2013 г., калі Францішак прызначыў яго прэфектам Кангрэгацыі па справах духавенства. Той жа Папа 22 лютага 2014 г. уключыў арцыбіскупа ў Калегію кардыналаў.

У цяперашні час колькасць кардыналаў-выбаршчыкаў складае 122 з 219 членаў Калегіі кардыналаў.
 

18 жніўня 2021, 11:39