Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Грэк заклікаў манаскіх асобаў маліцца за Сінод

Кардынал Марыё Грэк заклікаў манаскіх асобаў, якія прысвячаюць сябе сузіральнаму жыццю, маліцца за Сінод Біскупаў, які распачнецца ў кастрычніку 2021 г. на ўзроўні дыяцэзій і завершыцца ў 2023 г. у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Дарагія браты і сёстры, пакліканыя да манаскага і кантэмпляцыйнага жыцця, Святы Айцец Францішак у сваім навучанні часта нагадваў усяму Касцёлу пра патрэбу і прыгожасць таго, каб “крочыць разам”, распачынаючы сінадальны працэс, які будзе ўключаць “усе ўзроўні жыцці Касцёла”, - пачаў свой зварот Генеральны сакратар Сінода Біскупаў.

Кардынал Грэк адзначыў, што манаскія асобы, з’яўляюцца “ахоўнікамі і сведкамі фундаментальнай для сінадальнага працэсу рэальнасці”, выражанай трыма словамі: слуханне, навяртанне і адзінства. “Але прычына, якая падштурхнула мяне напісаць вам у сувязі з набліжэннем адкрыцця сінадальнага працэсу ў кастрычніку, тычыцца іншага слова, якое належыць да самага глыбокага стрыжня вашага паклікання: “малітвы”, - падкрэсліў ён.

Іерарх нагадаў словы 134 псальма, у якім гучыць заклік да левітаў і святароў Ерузалемскага храма “дзень і ноч” благаслаўляць Пана і “ўзносіць рукі свае ў няспыннай малітве”. Асобы, якія прыналежаць да манаскіх і кантэмпляцыйных супольнасцей могуць стаць такімі “левітамі і святарамі з псальму”, суправаджаючы малітвай трохгадовы сінадальны перыяд, пазначаны сустрэчамі, сходамі і дыскусіямі, і нагадваючы, “у праслаўленні і заступніцтве, што без адзінства з Богам не можа быць адзінства паміж намі”, - сцвердзіў Генеральны сакратар Сінода Біскупаў.

“На гэтым этапе сінадальнага шляху я не прашу вас маліцца замест іншых братоў і сясцёр, але нагадваць усім пра духоўнае вымярэнне шляху, які мы распачынаем, каб мелі магчымасць спазнаць дзейнасць Бога ў жыцці Паўсюднага Касцёла і асобных мясцовых Касцёлаў”, - напісаў кардынал Марыё Грэк.
 

28 жніўня 2021, 11:36